29 верасня адзначаецца 131 год з дня нараджэння Аркадзя Антонавіча Смоліча

Сёння, 29 верасня, адзначаецца 131 год з дня нараджэння нашага земляка Аркадзя Антонавіча Смоліча, ураджэнца вескі Бацэвічы. 

“Беларус, добры гаспадар, шануе капейку, а крыху можа і скупаваты. Але гэта не перашкаджае яму быць вельмі гасцінным. Госця ён запросіць у хату, пачастуе, ды яшчэ падзякуе, што зайшоў”. Гэтыя словы, напісаныя ў далекім 1919 годзе,  – і пра нас, сучасных беларусаў.

Прапануем Вам восем  цікавых фактаў з біяграфіі Аркадзя Смоліча. (Па матэрыялах з фондаў Клічаўскага краязнаўчага музея, літаратурнага музея М. Багдановіча ў Мінску, даследаваннях журналіста Ю. Барысенка)

1. Не толькі сур’ёзны вучоны і краязнаўца, але і літаратар. Аркадзь Смоліч пісаў не толькі сур’ёзныя навуковыя даследаванні, але і  літаратурныя творы. Вядомы яго драма “Хай будзе згода” і вершы.

2. Выратаваў маці ад цяжкай хваробы. Аб бацьках Аркадзя вядома няшмат. Калі яму было 6 год, сям’я пераехала з Бацэвіч  на Міншчыну ў Саламерычы.У лісце да Зоські Верас (13.06.15 г.) пісаў: «...захварэла мая маці, і от дагэтуль німа папраўкі і Бог яго ведае, што будзе. А ў нас у хаце нікога такога німа, каб хворую дагледзіць /.../ мне ўжо прыходзіцца ўвесь час каля хворай сядзець і больш нічым ні займацца...»; у новым лісьце (17.07.15 г.) Смоліч паведамляў: «...маці паздаравела і кажэ, што гэто я яе выхадзіў (бачыце які медык), а бацька, дык напраўду кажэ, каб на медыцыну ехаў вучыцца, як аграномію скончу» (Аркадзь Смоліч. «Веру ў карыснасьць будучых чынаў...»

3. Лепшы сябар Максіма Багдановіча. Дзякуючы Аркадзю Смолічу Максім Багдановіч вярнуўся на Радзіму. Па меркаваннях даследчыкаў, менавіта Аркадзь Смоліч быў ініцыятарам прыезду ў 1916 г. Багдановіча ў Менск. Паводле ўспамінаў Зоські Верас: «— У хуткім часе ў Менск прыедзе Максім Багдановіч! — пачулі мы голас Аркадзя Смоліча, які ўвайшоў у сталоўку Беларускай хаткі, трымаючы ў руках ліст. — /.../ піша, што хоча пажыць у Менску, у сваім родным горадзе, дыхнуць паветрам Бацькаўшчыны, пачуць жывую беларускую мову. Просіць паклапаціцца аб працы для яго... /.../. ў канцы верасьня ці мо ў пачатку кастрычніка М. Багдановіч прыехаў. Спаткаў яго А. Смоліч і прывёў у Беларускую хатку...» (Зоська Верас. Я помню ўсё. 2013).

4. Незвычайная Беларусь Аркадзя Смоліча. У сваіх працах Смоліч разглядваў Беларусь у этнаграфічных межах. Геаграфічныя і палітычныя часта мяняліся, а вучоны лічыў так: Беларусь там, дзе жывуць пераважна беларусы. Можна з гэтым пагадзіцца, ці не. Але вось яна такая – Беларусь Смоліча. “Беларусь займае плошчу каля 300 тысяч квадратных верст. Большая частка краін Еўропы займае меншую плошчу…” На 40-й старонцы падручніка есць карта, на якой мы бачым у складзе Беларусі і Вільна, і Беласток, і Смаленшчыну…

5. А што – малая радзіма? На вялікі жаль, мы - яго землякі, не знайшлі ніводнага ўспаміну аб Бацэвічах ці Клічаве. Спадзяемся, што дзесьці ў невядомых яшчэ дакументах, краязнаўца пакінуў некалькі цеплых радкоў аб малой радзіме.

6. Яго жонка, Алеся Смоліч, не любіла шыкоўных убораў і запэўнівала мужа, што шчаслівая з ім і ў рызманах.

“…яна ніколі не захаплялася ніякімі шыкарнымі жаночымі ўборамі, не выносіла і гутаркі аб іх з якой другой кабецінай. Ні лішніх запасаў бялізны, ні адзеньня ў сям’і не было. Да гэтага, прывучаліся і дзеці…” Па матэрыялах архіва Смолічаў. З фондаў музея М. Багдановіча. г. Мінск).

7. У турме ўдасканальваў сваё веданне замежных моў і пісаў навуковыя артыкулы. А.Смоліч быў арыштаваны двойчы: у 1930-м і 1937-м гадах. І ў турмах напружана працаваў.

У лісце да Алесі Смоліч (13.08.30 г.) пісаў: «Хацелася б закончыць [артыкул] у маскоўскі картаграфічны часапіс, да не ведаю, ці ўдасца сабраць літаратуру. У пэрспэктыве думаю заняцца перакладамі некаторых твораў Маркса. /.../ Наогул, займацца навукай тут можна, ніхто і нішто не перашкаджае...» (Лісты Аркадзя Смоліча з турмаў ДПУ. / Асоба і час, № 7); у іншым лісьце (22-27.08.30 г.) чытаем: «...вучу на памяць нямецкія вершы. /.../ Выклікаю дзяцей на спаборніцтва наконт нямецкіх вершаў. /.../. Вершы добра памагаюць вывучэньню мовы. А лічыць будзем на радкі. Добра?» (там жа); зімой (03.12.30 г.) паведамляе: «Займаюся патроху ангельскай мовай, хутка буду досыць добра чытаць, а гэта ўжо посьпех. Трэба было толькі які-небудзь больш кампактны падручнік прыслаць» (там жа).

8. У Мінску маецца вуліца Смоліча. Памяць пра А.Смоліча захавана на яго радзіме, у Бацэвічах, у музейнай экспазіцыі нашага музея, а таксама ў назве адной з вуліц  сталіцы. З 2018 года ў мінскім мікрараене Лошыца адна з новых вуліц названа ў гонар славутага вучонага і краязнаўцы.

595