«Час чытаць свае вершы...»

17 ліпеня споўнілася 98 год з дня стварэння Клічаўскага раена.

Не юбілей, але ж прычына ўспомніць пра гэту адметную дату, выказаць удзячнасць роднаму краю, нагадаць самыя яркія старонкі гісторыі малой радзімы.

Напярэдадні дня нараджэння раена ўтульная зала дзіцячай школы мастацтваў сабрала аматараў паэтычнага слова: тых, хто піша вершы, і тых, хто любіць іх слухаць. Удзельнікі  паэтычнай гасцінай “Час чытаць свае вершы” задумаліся і аб тым, як захаваць спадчыну нашых землякоў.

Літаратурныя традыцыі  Клічаўшчыны маюць глыбокія карані: наш край у сваіх творах славілі нашы землякі   Галіна Васілеўская, Леанід Дайнека, Анатоль Кудравец, Марыя Шаўчонак. Клічаўшчыне і яе гісторыі прысвяцілі  свае творы калмык Міхаіл Ханінаў і рускі Іван Іваноў. А напярэдадні  сустрэчы ў музей  паступілі рукапісы з вершамі партызана 208-й партызанскай брыгады Уладзіміра Дзержавецкага. Многія з іх напісаныя ў перапынках між баямі  ў лясным партызанскім лагеры  ва Усакінскіх лясах.

Захапляюць сваім майстэрствам самадзейныя паэты і сенняшняга дня: Уладзімір Дзяржанскі, Людміла Вайткевіч, Таццяна Чэрап, Валянціна Нікіціна, Аляксандра Лескавец, Святлана Анішчанка, Аляксандр Краўцоў і іншыя.

Удзельнікі літаратурнай гасцінай чыталі свае вершы, абмяркоўвалі планы, новыя задумкі і ідэі. Валянціна Нікіціна прэзентавала паэму “Салаўіны плач”, якая  вярнула ўсіх у самы трагічны час гісторыі Клічаўшчыны -  жнівень 1942 года, знішчэнне мірных жыхароў весак Вязень і Сялец.

У гэты вечар адбылося адкрыцце новага імя -  клічаўлянін Аляксандр Дурасаў, самадзейны паэт, празаік, які прэзентаваў свой трохтомнік, прысвечаны падзеям партызанскага руху на Гомельшчыне. І падумалася: а колькі яшчэ таленавітых землякоў застаецца пакуль невядомымі нам!

Удзельнікі паэтычнага вечара сышліся ў адным: творчаму чалавеку, паэтычнай натуры проста неабходна  мець непасрэдныя зносіны з  сябрамі па інтарэсах, з зацікаўленай аўдыторыяй, каб было дзе чэрпаць натхненне і новыя тэмы.

Гэта ж таксама частка духоўнага жыцця нашай малой радзімы.

Ці не пара стварыць літаратурна-паэтычнае аб’яднанне?!

Час пакажа.

Валянціна Нікіціна

 

Салаўіны плач

Дзве вёскі між лесу калісьці жылі,
Вязень і Сялец іх празвалі.
Двары працавітымі поўны людзьмі,
І дзеці ў дварах тых гулялі.

 

Вяселле на вёсках гудзела парой.
На працу – з суседзямі разам.
За добрага кума, суседа – гарой,
Калі пасварыліся часам.

 

Тут сем’і між лесу спакойна жывуць:
Размераны лад селяніна.
Ды з захаду чорныя хмары плывуць:
Фашыстаў – як вокам акінуць.

 

Памочнікі ў вёсках з’явіліся ў іх,
Нямецкі парадак наводзяць:
Паліцыя ведае добра сваіх,
Чужым і радне болей шкодзяць.

 

Мужчыны – на фронце, а дома – сям’я:
Жанчыны і дзеці малыя.
І просіць ратунку святая зямля,
І моляцца Богу старыя.

 

І спасу няма ад навалы такой,
Бо глянуў не так – расстраляюць.
А з часам згубілі ўсе людзі спакой,
Бо вестак ад родных не маюць.

 

Пад немцамі дзень – гэта быццам бы год.
А дзеці дзяцінства не зналі:
Умелі маўчаць, бы зашыты ў іх рот,
Пры ворагу і не гулялі.

 

Прамучыўся год. Лета ідзе за ракой.
Гудуць звонка пчолы на ліпе.
Нішто не парушыць, здаецца, спакой,
Ды нехта з-за плота паклікаў.

 

А Зміцер не чуе, з дзяцінства аглох,
З пары той, як з печы зваліўся:
Цягнуўся за ладкай, дастаць ён не мог.
Тады ж гаварыць развучыўся.

 

Крычыць паліцай, сваю глотку дзярэ.
Алеся з сянец нават выйшла.
А Зміцерка тупае ўсё на дварэ,
Заняты канём ён і дышлам.

 

Алеся чарнявая стройнай была,
Пад хусткаю косы схаваны.
Праходзьце, паночку да нас да стала, -
Заве паліцэйскага ўранні.

 

Ды вызверыўся паліцай у адказ:
Будзі свайго вырадка, баба!
Глухога бяры і за вёску ўсе – марш!
І не кажыце, што слабы!

 

Пакуль за сыночкам у хату ішла,
Пакуль разбудзіла Іванку,
Уцяміць Алеся ніяк не магла,
Навошта будзіць спазаранку?

 

Іванку б паспаць: сушыў сена сынок,
Бо Зміцер адзін не спраўляўся.
І тралявалі з кустоўя праз мох.
Чаму ж рана дзень так заняўся?

 

Прыгожы і статны Іваначка быў.
Падлетак – ну выліты бацька.
І добрага лёсу сынок заслужыў.
Ды як з паліцаем цягацца?

 

… І выгналі хуценька ўсіх са двароў,
За вёску вядуць да адрыны,
І гоняць паўз жыта, як статак кароў,
Глядзяць, каб ніводзін не згінуў.

 

Папераду йдзе паліцай бы пастух,
А немец – падпасак маўклівы.
Жыццёвы агеньчык людскі не патух,
І вераць жыццю што ёсць сілы.

 

Як пугай, страляе ліхі паліцай,
Аж жыта калоссе схіляе.
І пыліць дарога, ляціць пыл удаль:
То вецер людзей забаўляе.

Тут нехта Іванку бярэ за каўнер
І моцна штурхае ды ў збожжа.
Падлетак упаў. І папоўз ён цяпер
Ад паліцэйскае рожы.

 

Ляжаў хлапчук моўчыкам цэлых два дні,
А слёз не было нават блізка.
Застаўся сіроткаю ён на зямлі,
Бо родных забілі фашысты.

 

І ногі ён бачыў, і чуў галасы,
А конікі песні спявалі.
І дыбам усталі не раз валасы,
Калі недзе побач стралялі.

 

І дым на паўнеба, дзе вёска была
Не енчыў ніхто на пажары.
Людзей жа сагналі, дзе бульба расла,
За полем жытнёвым, што далей.

 

Гарэлага пах хлопцу дух пераймаў.
Падняўся, калі ўсё заціхла.
На полі, дзе бульба, Іванка стаяў:
Варушыцца поле, бы ліха.

 

Завялі карчы: хтось нанова саджаў,
Саджаў зноў на брацкай магіле.
Пад бульбаю ў яме страшэнны ўраджай.
Дык вось дзе Вязень разам згінуў!

 

Палетак той дыхаў так некалькі дзён.
Карчы бульбы зноў ачунялі.
Радочкі глядзяць – усім людзям дакор –
Фашысты сляды замяталі.

 

А поле бульбянае зноў у радках,
І  бульбачку поіць жывіца.
Расце ў полі бульбачка, як на дражджах:
Людскую п’е кроў, не вадзіцу.

 

Пагорак-бугор, дзе магіла для ўсіх,
Здаецца, прырода зрабіла.
Ды плачуць штосілы ў кустах салаўі,
І плач гэты сэрцу нямілы.

 

У Сушы ў бабулі Іван пабываў,
Дзе татавы ногі хадзілі.
І вёску Вязоўку ён не забываў,
Дзе маму калісьці ўскармілі.

 

Чырвоная Армія знак падала –
Іван з ёй дайшоў да Берліна.
Малітва матулі ўвесь час берагла:
Іван у баях не загінуў.

 

І бачыць вайну часта ў снах у сваіх,
І быццам бы звон нейкі звоніць.
І плачуць жалобна ў кустах салаўі
І жыта, што з небам гамоніць.

 

(Са слоў Веры Іванаўны Лескавец-Ачыновіч, дачкі Івана)

Ст. навуковы супрацоўнік музея Л.Ачыновіч

656