Зорка Анатоля Арцімовіча

У выставачнай зале Клічаўскага краязнаўчага музея разгарнулася персанальная выстава заслужанага дзеяча мастацтваў, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесара Анатоля Арцімовіча.

Калі ўсе экспанаты знайшлі сваё месца на прасторы нашай выставачнай залы, яна загучала новымі незвычайнымі галасамі. Хтосьці сказаў: “Вы чуеце, нібы ўсё напоўнілася ўрачыстай музыкай Баха…”. І сапраўды, філасофскія сюжэты графічных малюнкаў, узнёслыя скульптурныя кампазіцыі “пераключылі” музейную прастору ў нейкае іншае вымярэнне.

На выставе прадстаўлена каля пяцідзесяці работ знакамітага скульптара і мастака. Сярод іх — графічныя малюнкі, скульптурныя кампазіцыі, постары манументальных твораў, эцюды і мадэлі нерэалізаваных праектаў. Восенню мінулага года ў сталіцы прайшлі маштабныя юбілейныя выставы майстра, прысвечаныя яго 80-годдзю, з выставай “Выбранае” азнаёміліся і жыхары Брэста.

І вось — Клічаў! Міжволі ўзнікае пытанне: а пры чым тут невялікі гарадок, легендарная партызанская сталіца?

Адказ адразу і просты, і складаны. Справа ў тым, што карані старажытнага роду Арцімовічаў тут, на Клічаўшчыне. У маляўнічай вёсцы з прыгожай назвай Зарэчча з даўніх часоў пражывалі продкі Анатоля Яфімавіча. Тут, у Клічаве, у 1943 годзе быў закатаваны фашыстамі бацька, Яфім Якаўлевіч, партызан 752-га партызанскага атрада. Як прызнаўся ў размове сам Анатоль Яфімавіч, усе жыццё ён адчувае непарыўную сувязь з мясцінамі па-над рэчкай Вольсай. І хоць сам нарадзіўся ў мястэчку Куранец на Вілейшчыне, сваей малой радзімай лічыць усё ж Клічаўшчыну…

Дзед скульптара Якаў Іванавіч Арцімовіч і бабуля Алена ўсё жыццё пражылі ў Зарэччы і пакінулі пасля сябе добрую памяць. Маці, Ірына Герасімаўна, школьны педагог, выгадавала не адно пакаленне бацэвіцкіх школьнікаў.

У апошні дзень чэрвеня аматары мастацкай творчасці, краязнаўцы Клічава атрымалі прыемную магчымасць не толькі азнаёміцца з выставай, але і пагутарыць з самім скульптарам і яго сынам, Іванам Анатолевічам, куратарам выставы “Вяртанне да вытокаў”. Аб сваіх творчых планах, аб адказнасці перад продкамі і нашчадкамі, аб высокім назначэнні мастака распавядаў Анатоль Яфімавіч падчас творчай сустрэчы ў музеі.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Анатоль Арцімовіч — родам з вогненнага пакалення мінулай вайны. Можа таму тэма трагедыі чалавека на вайне асабліва блізкая таленавітаму скульптару. Гэта ягонымі рукамі, сэрцам і душою ствараліся помнік воінам 1812 года ля в. Студзёнка ў Барысаўскім раёне, мемарыялы, прысвечаныя падзеям 1-й сусветнай вайны ў Смаргоні, Уладзіміру Данскому-Храбраму ў расійскім Малаяраслаўцы. У складзе калектыву аднадумцаў Анатоль Яфімавіч працаваў над маштабнымі праектамі стварэння Кургана Славы, мемарылу “Брэсцкая крэпасць-герой”.

Наша выстава атрымала назву “Вяртанне да вытокаў”. У адрозненне ад ранейшых варыянтаў наш клічаўскі праект больш асабісты, сямейны, больш пранізлівы. Гэты тон задаюць адмысловыя постары з успамінамі Анатоля Яфімавіча і разважаннямі аб жыцці, лёсе, каранях роду, земляках. Гэта — вельмі моцны акцэнт, які ператварае прастору выставы амаль у асабістую споведзь скульптара.

З выставай ужо азнаёміліся каля пяцісот школьнікаў Магілёва, Бабруйска, Клічава і Клічаўскага раена, якія наведалі музей і наш мемарыяльны комплекс у межах патрыятычных праграм, прысвечаных Году адзінства. А на днях да нас завіталі нашы пастаянныя наведвальнікі — дзеткі з сацыяльнага прытулку, абдзеленыя бацькоўскім цяплом. У адрозненне ад вясёлых груп школьнікаў-турыстаў яны ціха хадзілі па зале і неяк па-даросламу ўглядваліся ў скульптуры, нібы імкнуліся зразумець нешта вельмі важнае. І здавалася, што яны адчуваюць той боль, які перадаецца без слоў праз пакаленні.

Адным з самых кранальных раздзелаў нашай выставы з’яўляецца куточак, дзе змешчаны дакументы і фотаздымкі з сямейнага альбома Арцімовічаў. На даваенным фотаздымку з далекага мінулага глядзіць бацька, Яфім Якаўлевіч. У постаці маці, Ірыны Герасімаўны, згадваецца клапатлівая школьная настаўніца, а будучы таленавіты скульптар, яшчэ проста Анатоль — апора і надзея сям’і, упэўнена глядзіць у будучыню.

Тэма вайны не адпускае скульптара. І колькі работ ні было б ім створана, аўтару ўсё здаецца, што нешта застаецца недагавораным, што патрэбна яшчэ і яшчэ раз перасцярагчы людзей ад нейкіх вялікіх памылак.

І нездарма ў апошнія гады ў творчасці Анатоля Арцімовіча з’явіліся графічныя работы. З 250 аўтарскіх лістоў, напісаных за апошнія пяць гадоў, у нашай экспазіцыі выстаўлена толькі 22 у арыгінальных памерах. Але і яны даюць уяўленне пра філасофскую глыбіню пошукаў і трывог аўтара. У іх многія ўбачылі нечаканую актуальнасць і нават прарочае бачанне часу. Магчыма, у графіцы — правобразы будучай скульптуры.

Калі ўваходзіш у нашу выставачную залу, погляд затрымліваецца на невялікім макеце ў вітрыне: няроўна выразаная, прабітая наскрозь зорка, у якой пазнаецца манументальны ўваход у мемарыял “Брэсцкая крэпасць-герой”. Гэта — ідэя скульптара Анатоля Арцімовіча, яго знакамітая “зорка”, якая служыць камертонам для далейшага наведвання мемарыяла. Яна, як сімвал непакорнай крэпасці, сустракае зараз кожнага наведвальніка мемарыяла і кожнага наведвальніка нашай выставы “Вяртанне да вытокаў”.

Лідзія АЧЫНОВІЧ, навуковы супрацоўнік Клічаўскага краязнаўчага музея

Культура. - № 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

802