“Як хочацца застацца жыць!…”

Да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны

З адзінага даваеннага фотаздымка глядзіць на нас з далекага мінулага сціплы чалавек у акулярах. Інтэлігентны твар, уважлівы пранікнёны позірк. Здаецца, ён ведае нешта вельмі важнае аб каханні і нянавісці, жыцці і смерці, нешта такое, пра што абавязкова трэба расказаць…

Калі да нас у музей трапіў ваенны дзённік журналіста Аляксандра Юшкевіча, мы зразумелі, што такі каштоўны дакумент павінен загаварыць, сказаць пра свайго аўтара тое, што пакуль застаецца таямніцай мінулага. Лёс першага рэдактара Магілёўскай падпольнай газеты “За Радзіму” Юшкевіча Аляксандра Антонавіча, які загінуў у Клічаўскіх лясах у 1943 годзе, доўгі час заставаўся маладаследаваным.

Праца над дзённікам

Няма падстаў сцвярджаць, што на яго забыліся. Лепшы сябар Юшкевіча і калега па журналісцкай справе ды па барацьбе з фашыстамі Іван Крыскавец напісаў некалькі артыкулаў пра адважнага журналіста. Яго нарыс пра Юшкевіча, змешчаны ў зборніку “У рэдакцыю не вярнуўся”, быў выдадзены ў Маскве ў 1967-м. Супрацоўнікі Магілёўскай абласной бібліятэкі выкарысталі матэрыял пра Юшкевіча ў сваім праекце “Жывая памяць пакаленняў”. Асабісты фонд дакументаў Аляксандра Антонавіча захоўваецца ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У Клічаўскім раённым краязнаўчым музеі ў экспазіцыйнай частцы “Партызанскі друк” маецца фотаздымак рэдактара абласной газеты і яго калег.

Але калі падчас экскурсій ішоў аповед пра партызанскіх друкароў, чамусьці ўзнікала пачуццё віны перад чалавекам, які ўважліва, і, здавалася, з дакорам глядзеў з даваеннага фотаздымка. Праца над дзённікам дазволіла аднавіць частку асабістага і журналісцкага жыцця Юшкевіча, знайсці некаторыя малавядомыя факты дзейнасці партызанскіх фарміраванняў Віцебскай і Мінскай абласцей, прасачыць шлях узыходжання ад сціплага цывільнага чалавека да дасведчанага разведчыка-дыверсанта. Старонкі дзённіка вядуць свайго чытача па тых месцах, якія прайшоў Аляксандр Юшкевіч вогненнымі дарогамі вайны...

Косава

Запіс з дзенніка (Стыль і арфаграфія захаваны): “22 чэрвеня 1941 г. Вечар. Бамбежка. Над намі сцервятнікі. Чутныя выбухі бомбаў. Дзесьці непадалёк, у баку і ззаду нас, гараць калгасныя дамы. Плач, крыкі-праклены ворагу. Ноч неспакойная, а думка трывожыць — сям’я! Бо нават не паспеў развітацца. Дзе яны зараз, мае дарагія — дзе іх заспела гэта страшная ноч?!”

Вайна заспела сям’ю Юшкевічаў у Брэсцкай вобласці. У невялікім гарадку Косава Аляксандр Антонавіч узначальваў раённую газету. Да таго часу ён быў ужо вопытным журналістам: скончыў Мінскі інстытут журналістыкі, два гады працаваў рэдактарам Клічаўскай раённай газеты. У 1939 годзе, калі ў склад Савецкай Беларусі ўвайшлі заходнія раёны краіны, у калектывы новых раённых газет спатрэбіліся сталыя журналісцкія кадры. І вось у 1940 годзе камуніст Юшкевіч быў зацверджаны рэдактарам газеты “Чырвоная звязда” (орган Косаўскага укома КП (б) Беларусі і павятовага выканкама). У Косаве засталася любая жонка Валянціна і маленькая дачушка Гала-Галінка.

На працягу ўсёй вайны, дзе б ні апынуўся Юшкевіч, з розных гарадоў і пасёлкаў ён настойліва адпраўляў запыты і тэлеграмы аб сям’і ў розныя арганізацыі па эвакуацыі насельніцтва. Спрабаваў даведацца што-небудзь ад знаёмых, якія сустракаліся на ваенных дарогах. Часта ў трывожных снах паўставала яго малая радзіма — Чэрвень, сціплы драўляны дамок, густая зеляніна на вуліцах і маці на родным парозе.

Чэрвень

Аляксандр Юшкевіч нарадзіўся ў 1905 годзе ў горадзе Чэрвені, які называўся тады Ігуменам.

Запіс з дзённіка: “2 красавіка 1942 г. Дзень майго нараджэння. Роўна 37 гадоў. Трыццаць сем гадоў пражыў, а добрага ў жыцці было мала. Жыццё без бацькі, тром дзецям пры маці было цяжка, ды яшчэ тым больш у гады імперыялістычнай і затым грамадзянскай вайны. Бедная мая маці, як цяжка ёй было выхоўваць, а гаспадаркі ніякай не было, трэба было ўсіх пракарміць і вывучыць”.

У сям’і расло трое сыноў: Мікалай, Васіль, Аляксандр. У гады вайны маці адправіла ўсіх на фронт, а дадому не вярнуўся ніхто. У сваім дзённіку і ў думках Аляксандр Юшкевіч пастаянна вяртаецца ў родны гарадок, на крайнюю вуліцу з незвычайнай назвай “Градка”. Сюды ён на лета прывозіў сваю сям’ю, тут пад бабуліным наглядам расла яго дачушка Гала-Галінка. Сюды ірвалася яго сэрца.

Улетку 1942 года Юшкевіч, таемна парушыўшы правілы канспірацыі, ноччу падабраўся ў Чэрвені амаль да роднай хаты на вуліцы Градка, дзе жыла сям’я. З заміраннем сэрца ўглядаўся ў цёмную вуліцу, успамінаў карціны мінулага мірнага жыцця, пакуль не зразумеў, што сям’і тут няма, у гэтай частцы горада фашысты арганізавалі яўрэйскае гета і ўсіх жыхароў кудысьці выселілі. “Куды ж закінула вайна-пачвара маю любую сям’ю, можа яны ў Клічаве?”

Клічаў

У Клічаў Юшкевіч прыбыў пасля заканчэння КІЖа — Мінскага камуністычнага інстытута журналістыкі. У раённых газетах у той час працавалі самавукі-селькоры. Большасці журналістаў і рэдактараў, якія ўпершыню апынуліся на “газетнай” працы, проста не хапала вопыту і адукацыі.

З раніцы да вечара яны калясілі па раёне. У рэдакцыі не было свайго транспарту, даводзілася адмяраць кіламетры пешшу ці на спадарожных рэдкіх машынах і конных павозках. У рэдакцыю газеты “Сталінскі шлях” пастаянна ішлі людзі са сваімі надзённымі праблемамі, прапановамі і скаргамі. Але самае цяжкае было ў іншым. Імкліва раскручваўся махавік сталінскіх рэпрэсій, а газета, як ідэалагічны штаб, павінна была дапамагаць выяўляць замаскіраваных “ворагаў народа”.

У “блізарукасці пры выяўленні шкодніцтва ў народнай гаспадарцы” былі абвінавачаныя сакратар райкама партыі Уладзімір Цішкевіч і старшыня райвыканкама Дзмітрый Найдун. Іх знялі з пасады і расстралялі ў 1938 годзе. Гэтыя падзеі сур’ёзна паўплывалі на атмасферу ў раёне і на працу рэдакцыі газеты. Яе нумароў за гэтыя трывожныя гады не захавалася. Як удавалася журналістам працаваць ва ўмовах усеагульнай падазронасці і страху, застаецца толькі здагадвацца. Юшкевіч як мог адстойваў людзей, якіх ведаў як сумленных працаўнікоў. Але пагроза навісла і над галоўным рэдактарам. Цяжка ўявіць, як склаўся б яго лёс, калі б не тэрміновы перавод у Косава. Сям’я Аляксандра Антонавіча пакінула Клічаў у канцы лютага 1940 года. Рэдактара, які стаў амаль родным, праводзілі ўсе: нястомны загадчык сельгасаддзелам Мікалай Сідаровіч, друкар Савелій Вершук, смяшлівая машыністка Маша Палойка, сур’ёзны і засяроджаны намеснік рэдактара Іван Крыскавец.

Яны развітваліся, спадзеючыся зноў калі-небудзь сустрэцца. І ніхто не мог падумаць, што праз тры гады вайна звядзе іх на цяжкіх вёрстах у палаючых партызанскіх клічаўскіх лясах.

Помсціць!

Івацэвічы, Быцень, Слуцк, Бабруйск, Ветка, Чачэрск, Гомель, Навабеліца, Арол... На старонках дзённіка Юшкевіча — шэраг пасёлкаў, гарадоў, праз якія праходзіў шлях групы эвакуяваных на ўсход. Цяжкія карціны разрухі, пакут, бамбёжак, смерцяў мірных людзей. Кожны радок дзённіка ахоплены адчаем, смуткам, нянавісцю да захопнікаў, жаданнем помсціць за зняважаную радзіму, страчаную сям’ю.

Запіс з дзённіка: “29 жніўня 1941 г. Даю згоду ісці на аператыўную працу ў тыл ворага. Нас, групу каля 100 чалавек, адвозяць у Белыя Бярозы Бранскага раёна Арлоўскай вобласці. Уздым духу, жаданне авалодаць тэхнікай барацьбы з ворагам. 6 дзён вучобы. Трэба будзе рыхтавацца трапіць у тыл”.

Першая спроба перайсці лінію фронту не удалася. Старонкі дзённіка перадаюць атмасферу разгубленасці, слабай арганізаванасці, няўпэўненасці. І гэта зразумела: цывільныя людзі, далекія ад вайны, не маглі аўтаматычна ператварыцца ў спрытных разведчыкаў і дыверсантаў, усе гэта выпрацоўвалася з цягам часу, у ходзе шматдзённых заняткаў і трэніровак.

Тэорыя і практыка

Доўгачаканы пераход праз лінію фронту адбыўся пазней, толькі праз год. На працягу гэтага часу была і ваенная Масква, і курсы каманднага складу (КУКС) ў горадзе Урупінску, і пакутлівыя пошукі слядоў сям’і праз эвакуацыйныя камісіі.

Запіс з дзенніка: 30 лістапада 1941 г. “Урупінск. Вось ужо цэлы тыдзень я займаюся. Заняткі па 10 гадзін у дзень: тактыка, агнявая, матчастка, тапаграфія, інжынерная справа, стральба, палітзаняткі. Увесь дзень запоўнены з раніцы да вечара. Дысцыпліна. Многае і многае для мяне новае ў войску. Бо я ў арміі не служыў”.

У сакавіку 1942 года Аляксандр Юшкевіч атрымаў важнае сакрэтнае заданне. З дзённікавых запісаў адразу цяжка зразумець яго характар. Бо па няпісаных законах ваеннага часу весці дзённікі было забаронена, а некаторыя запісы павінны былі мець толькі асабісты характар.

Запіс з дзенніка: “8 красавіка 1942г. ...Такім чынам, мяне больш няма, я не існую. Так трэба, гэта для карысці справы... Ужо з сённяшняга дня я не я. Нібыта жыву, але мяне няма — ёсць ува мне нехта іншы”. Было нязвыкла атрымаць новае імя, біяграфію і зусім новае жыцце. У новым ён, Аляксандр Антонавіч Гарбацэвіч — чалавек, гатовы служыць “новаму нямецкаму парадку”. Гэта на ўсялякі выпадак, калі патрэбна будзе прайсці праз паліцэйскія пасты. А на самой справе Аляксандр Антонавіч быў уключаны ў Паўночна-Заходнюю групу ЦК КП(б)Б і зацверджаны сувязным ЦК КП(б)Б у партызанскіх атрадах Віцебскай і Мінскай абласцях, а таксама — упаўнаважаным ЦК па Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці. У даследаваннях па гісторыі партызанскага руху ролі і лёсам сувязных і ўпаўнаважаных ЦК КП(б)Б прысвечана няшмат увагі. А задачы перад імі ставіліся звышскладаныя: невялікія групы не толькі павінны былі здзейсніць рэйд па партызанскіх атрадах і, удзельнічаючы ў баявых аперацыях, вывучыць абстаноўку, адзначыць недахопы ў арганізацыі партызанскага руху на сваім участку, аказаць дапамогу і падрыхтаваць аб’ектыўныя дакладныя ў ЦШПД. І пры гэтым застацца ў жывых!

Запіс з дзенніка: “16 мая 1942 года. Вось настаў час — той самы, якога я так доўга чакаў — сёння адпраўляюся для выканання даручанай дзяржаўнай і партыйнай справы. Што б ні было, пры любых абставінах я яго выканаю, а калі смерць, то таксама не дрогну, але танна сябе ворагу не аддам”.

Пераход лініі фронту адбыўся праз легендарныя Суражскія (Віцебскія) вароты. Пяць дзён Паўночна-Заходняя група ЦК КП(б)Б, прымацаваная да штаба Калінінскага фронту, дабіралася ад Масквы да беларускай мяжы на аўтамашыне. Гэта быў “ЗІС-5В”, верная выпрабаваная “трохтонка”. Кабіна з фанеры і дрэва, тормазы пакінутыя толькі на задніх колах, бартавая платформа з адным заднім адкідным бортам і адзіная фара (левая), а на працягу некаторага часу для эканоміі гэтыя машыны выпускалі наогул без фар.

Дарога ў 600 кіламетраў

У ноч з 19 на 20 чэрвеня 1942 года Аляксандр Антонавіч у складзе групы ступіў на акупаваную тэрыторыю Беларусі. Гэта здаецца неверагодным, але яму трэба было прайсці пешшу больш за 300 кіламетраў ад лініі фронту да Чэрвеньскага раёна і вярнуцца назад з данясеннем для Масквы. У адпаведнасці з інструкцыямі, на некаторы час група прымыкала да мясцовага партызанскага атрада і рухалася ў патрэбным кірунку, удзельнічаючы ў баявых аперацыях атрада.

Гэтая частка дзённіка — зусім іншая па стылі, атмасферы, напружанасці, драматызме. У адной з першых сутычак з ворагам загінуў адзін з упаўнаважаных ЦК Шамрай.

Запіс з дзенніка: “З 19 па 23 чэрвеня прабіраліся да пераправы Обаль. Ноччу паслалі разведку на раку. Разведка далажыла, што ўброд перайсці нельга, трэба ісці праз мост, які ахоўваецца немцамі, трэба зняць ахову. Камандзір атрада “Стары” (Васіль Пыжыкаў) аддаў загад адкрыць агонь з мінамётаў... У гэтым пераходзе быў паранены ў нагу кіраўнік т. Шамрай, які ішоў разам з атрадам групы падрыўнікоў. Потым яго перанеслі ў жыта і загадалі ляжаць, але не вытрымаў хлопец і падняўся, у гэты час пачуўся стрэл. Ён упаў, забіты разрыўной куляй у шыю”.

Воляй лёсу Юшкевіч адразу трапіў у эпіцэнтр драматычных падзей, якія разгарнуліся вакол партызанскага атрада пад камандаваннем Пыжыкава (“Старога”) у Барысаўска-Бягомльскай зоне на легендарным возеры Палік. Ваенная ўдача пакінула атрад “Старога” і самога камандзіра ўжо з першай баявой аперацыі. Да таго ж яму была выдзелена для вядзення баявых дзеянняў вельмі няўдалае месца. Паўночная частка Барысаўскага раёна была малалясістай і балоцістай. Тут яшчэ ў канцы 1941-га года былі разбітыя і рассеяныя тры партызанскія атрады, іх камандзіры загінулі, а азвярэлыя фашысты пільна кантралявалі раён і за сувязь з партызанамі жорстка распраўляліся з мірным насельніцтвам.

Пыжыкаў самавольна вырашыў змяніць месца размяшчэння атрада, аб’яднацца з іншымі атрадамі, чым выклікаў незадаволенасць кіруючых органаў. Лёс гэтага камандзіра да гэтага часу застаецца “белай плямай” у гісторыі партызанскага руху Беларусі і яшчэ чакае сваіх даследчыкаў. Пыжыкаў у 1943 годзе быў адкліканы ў Маскву, арыштаваны, асуджаны, адседзеў 5 гадоў у турме. Выйшаў на свабоду ў 1948 годзе і быў рэабілітаваны. У Барысаве адна з вуліц носіць імя Васіля Пыжыкава.

Аляксандр Юшкевіч працягваў рэйд па вёсках і партызанскіх атрадах Барысаўскага і Чэрвенскага раёна. Праводзіў гутаркі з насельніцтвам, дапамагаў выпускаць падпольныя газеты і часопісы.

Запіс з дзенніка: “12 жніўня. Збіраюся ў паход у зваротны шлях. Становішча ў раёне для мяне высветлена. Трэба вярнуцца і далажыць у ЦК КП(б)Б”.

11 верасня 1942 года рэйдавая група перайшла лінію фронту і вярнулася на свабодную ад ворага тэрыторыю. Шэсць сувязных ЦК КП(б)Б: Юшкевіч, Бягун, Мікула, Гайдук, Бахар, Скіўко зрабілі справаздачу аб сваім рэйдзе штабу Паўночна-Заходняй аператыўнай групы ЦК КП(б)Б. Па дзённікавым запісе, усе яны былі прадстаўлены да ўзнагарод, але ніякіх звестак аб гэтым знайсці не ўдалося.

Масква

Дзённік журналіста — гэта яшчэ і разнастайная палітра культурнага жыцця тых мясцін, куды аўтара закідваў лёс. Юшкевіч з задавальненнем перадае свае ўражанні аб тых кінафільмах і спектаклях, якія яму ўдалося паглядзець у сталіцы. Да таго ж, ён імкнецца заглушыць свой бясконцы сум і трывогу аб сям’і, аб сваіх дзяўчынках  — жонцы і дачушцы, сваіх любых “ляляхах”.

Запіс з дзенніка: “22 лютага 1942 г. Вось яна, Масква. Прыехалі 20 ноччу, да раніцы. Цемра і цішыня, нідзе не праблісне агеньчык. Вакзал таксама прыцемнены, а калі ўвайшлі ў яго, у ім жыццё б’е ключом. Поўна пасажыраў — грамадзянскіх і ваенных, а больш вайскоўцаў. Так ва ўсім горадзе… Усюды супрацьтанкавыя надаўбы, насыпы, равы, а на ўскраінах драцяныя загароды. Цалкам карціна ўяўляецца, калі паглядзіш кінакарціну “Разгром нямецкіх войскаў пад Масквой”. Выдатны фільм.

…Паглядзеў пастаноўкі “Хлопец з нашага горада”, “У імя жыцця”, “Вяселле ў Малінаўцы”, “Сувораў”. Усё добра, а вось калі б мае родныя былі побач… Учора быў у тэатры Ленсавету, глядзеў “Разлом”. Сёння іду ў тэатр Станіслаўскага глядзець “Яўген Анегін”.

9 студзеня 1943 года Аляксандр Антонавіч быў запрошаны на сход прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. “Сход адбыўся ў Цэнтральным доме работнікаў мастацтваў. Даклад рабіў Панамарэнка на тэму “Беларускі народ у барацьбе з нямецкімі захопнікамі”. Выступалі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Пасля сходу адбыўся канцэрт. Выступалі народны артыст БССР Малчанаў, Навіцкі, Млодек, Ждановіч, Аляксандраўская і інш. Упершыню за год і восем месяцаў убачыў і пачуў сваіх беларускіх артыстаў. Слухаў іх і ўяўляў, што знаходжуся ў роднай Беларусі”.

Апошні рубеж

7 лютага 1943 года Аляксандр Юшкевіч зрабіў апошні запіс у сваім дзённіку.

“Глядзеў у кінатэатрах: Станіслаўскага “Бяда ад нежывога сэрца”, у Малым “У стэпах Украіны”, якая гэта выдатная рэч”.

Толькі ў апошнія дні Юшкевіч даведаўся, што яго накіроўваюць у знаемыя мясціны, на Клічаўшчыну. Патрэбна выканаць важнае заданне — пачаць выпуск абласной падпольнай партызанскай газеты. Гэтыя апошнія дні і гадзіны ў Маскве былі напоўнены журналісцкімі клопатамі: Аляксандр Антонавіч адшукаў добры партатыўны друкарскі станок, фарбы, шрыфты, газетную паперу.

Ноччу 16 сакавіка 1943 года ваенна-транспартны самалет ЛІ-2 прызямліўся на лясным партызанскім аэрадроме. Клічаўскія партызаны з радасцю сустракалі важную дэлегацыю з Масквы. З дзённіка Марка Кудзіна, намесніка ўпаўнаважанага ЦК КП(б)Б па Магілеўскай вобласці: “16.111 — 1943 года, аўторак, лес Усакіна. …Вечарам выезд на аэрадром сустракаць самалет. У 23 гадзіны над аэрадромам з’явіўся родны “Дуглас”. У прысутных неймаверная радасць. Прыбылі т. Ганенка Іван Пятровіч, Маўчанскі, Андрэенка, Юшкевіч і радыстка Тоня. У Маскву адправілі 18 чалавек параненых”. Як самы каштоўны груз выгрузілі партатыўны друкарскі станок і ўсе, што патрэбна было для аператыўнага выпуску абласной газеты. А самае галоўнае — тое, што ізноў усе былі разам: наборшчыкі Савелій Вяршук і Хаім Эпштэйн. Дапамагаў і рэдактар клічаўскай падпольнай газеты “Голас партызана”, сябра Іван Крыскавец. Праз сем дзён першы нумар абласной газеты, якую назвалі “За Радзіму”, выйшаў у лясной друкарні. Нарэшце Аляксандр Антонавіч займаўся сваей любімай журналісцкай справай. Ён імкнуўся быць у гушчары падзей: паспяваў пабыць на важных нарадах абкома партыі, штаба абласной ваенна-аператыўнай групы. Выехаць у партызанскія атрады, якія былі раскіданы па Усакінскіх лясах, сустрэцца з партызанамі, што толькі вярнуліся з баявога задання, пагутарыць з параненымі, заглянуць у сямейныя лагеры. А самое галоўнае, лічыў журналіст Юшкевіч, — самому трапіць у бой.

Яго апошні бой адбыўся ў дзень друку, 5 мая 1943 года. У канцы красавіка акупанты распачалі чарговую крывавую блакаду Клічаўскай партызанскай зоны. Пры прарыве блакады “Майкефер-2” Юшкевіч ішоў з аўтаматам у першых радах, паспеў знішчыць варожы артылерыйскі разлік у акопах. Ніхто не заўважыў, як фашысцкая куля напаткала адважнага журналіста. Калі крывавая блакада адкацілася з Усакінскіх лясоў, партызаны вярнуліся ў гэтыя мясціны, каб пахаваць баявых сяброў. Яго знайшлі толькі праз два тыдні, пазналі па акулярах, іншых уласных рэчах. Патрапаны, пацямнелы дзённік Юшкевіча, які ён вёў з 22 чэрвеня 1941 года, стаў каштоўным сведкам яго жыцця, яго перамог, трывог і страт…

Шкада

На жаль, другую частку дзенніка, які апавядаў аб трывожным жыцці рэдактара абласной партызанскай газеты, знайсці не ўдалося. Ці вёў яго Юшкевіч? Думаецца, што вёў. Яшчэ ў Маскве, перад адлётам, ён адзначыў: “Па ўсім відаць, на днях зноў адпраўляюся ў тыл, таму спыняю свой дзённік. Я яго пачну зноў, у новых умовах, ва ўмовах сваёй працы ў тыле”.

Што было ў тым, новым дзенніку, і куды ён знік, ведаюць толькі Усакінскія партызанскія лясы. Яны сталі і адзіным вялікім помнікам журналісту, бо месца яго пахавання засталося невядомым.

Яго любімая дачка — Гала-Галушка жыве цяпер у Мінску, ашчадна захоўвае архіў бацькі для сыноў, унукаў і праўнукаў. Запаветная яе мара — трапіць на Клічаўшчыну, ва Усакінскі мемарыяльны комплекс партызанскай славы, каб убачыць, як на адной з мемарыяльных дошак заззяе імя яе бацькі — патрыёта, партызана, сапраўднага журналіста!

Лідзія АЧЫНОВІЧ, навуковы супрацоўнік Клічаўскага краязнаўчага музея

Культура. - № 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г  http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=18141 

870