Сіроты вайны

Культура . - № 16 (1455) 18.04.2020 - 24.04.2020 г

Лёсы выхаванцаў Нясяцкага дзіцячага дома
Дзяцінства і пакуты — паняцці несумяшчальныя, узаемавыключальныя. Але так бывае. Дарослыя развязваюць на планеце войны, якія адымаюць у хлопчыкаў і дзяўчынак дзяцінства. Асобныя бядуюць падчас ваеннага ліхалецця, а тыя, хто згубіў бацькоў — доўгія гады. Голад, холад, хваробы — цяжкае выпрабаванне, але часовае. Страта бацькоў — назаўжды.

На акупаваных фашыстамі тэрыторыях вайна пакінула мноства сірот. Кагосці прытулілі родзічы, хтосьці проста бадзяўся. Старэйшыя бралі на сябе апеку над малодшымі братамі і сёстрамі, практычна замянялі ім бацькоў. Выжывалі, як маглі. Пасля вайны такія падлеткі апынуліся ў дзіцячых дамах, якія дзяржава пачала адкрываць практычна адразу пасля вызвалення ад нямецкіх захопнікаў. Такі дзіцячы дом з’явіўся ў 1945 годзе і на тэрыторыі былой Клічаўскай партызанскай зоны ў вёсцы Нясята.
Прыйшлі самі

З успамінаў Уладзіміра Паддубскага, маёра авіяцыі ў адстаўцы, былога выхаванца Нясяцкага дзіцячага дома, Талін:

“Жылі мы ў вёсцы Доўгае Клічаўскага раёна. У пачатку вайны фашысты забілі маю маці… Восенню 1943-га спалілі ўсю маю сям’ю: бацьку, мачаху, сястру і трох братоў, малодшаму не было і года. Да ліпеня 1944-га (да дня вызвалення Клічаўшчыны) я жыў у дзядзі. А ў чэрвені 1945 года стаў выхаванцам Нясяцкага дзіцячага дома…”

Як ім жылося ў дзіцячых дамах? Бывала ўсякае. Недаядалі і шмат працавалі. Але з вышыні пражытых гадоў усе яны чамусьці згадваюць той час з цеплынёй. А яшчэ — выказваюць удзячнасць тым, хто замяніў ім бацькоў. Практычна ва ўсіх успамінах гучаць цёплыя словы ў адрас першай выхавацелькі Антаніны Шатуха.

З успамінаў Антаніны Шатуха, выхавацелькі Нясяцкага дзіцячага дома, Віцебск:

“Загадам Клічаўскага района мяне перавялі з Дуброўскай школы выхавацелькай у Нясяцкі дзіцячы дом. Ён быў адкрыты 1 чэрвеня 1945 года і месціўся ў дамку з двух пакояў. Спачатку сфарміравалі штат: дырэктар — Васіль Шпак, завуч — Наталля Лескавец, бухгалтар — Кірыл Патупчык. Выхавальнікі — Антаніна Шатуха, Марыя Стрыгун, Марыя Палітыка, Марыя Маркава. Піянерважатая — Надзея Мацюшонак. Па вёсцы сабралі кухонны рыштунак. Прасціны і коўдры прыслалі з раёна. 15 чэрвеня прынялі першых выхаванцаў — 15 хлопчыкаў, якія прыйшлі самі. Гэта былі Валодзя Паддубскі, Іван Крыскавец, Іван Дыдо, Васіль Мацюшонак, Іван Пірожнік, Андрэй Сукора, Марат Панізовіч, Віктар Счыслёнак, Аркадзь Пац, Грыша Прымак і іншыя”.
Пара валёнак — на дваіх

З успамінаў Уладзіміра Паддубскага:

“Гэта была невялічкая вясковая хатка. У адной палове месціліся хлопчыкі, у другой — дзяўчынкі і гаспадыня. Ложкаў не было. Спалі на нарах. Сталовай служыла памяшканне, якое да вайны належала калгасу. Як цяпер памятаю: збіты з дошак доўгі стол, на ім — замест місак некалькі тазікаў. Кожнаму з нас выхавальнікі выдавалі лыжку, кавалак хлеба. Налівалі ў таз малако. Мы баяліся нават кроплю праліць. Вельмі цяжка гэта апісваць… Вельмі любілі лазню. У ваеннае ліхалецце такое шчасце выпадала не кожнаму. Лазняй служыў звычайны склеп, у цэнтры якога па-чорнаму палілася каменная печ. Адначасова тут магло мыцца не больш за тры чалавекі. Выскоквалі з дыму і з вялікай асалодай пераапраналіся ў старэнькае, але чыстае адзенне. Праз час нам выдалі прывезеную аднекуль форму. Прадметам асаблівага гонару былі шапкі-пілоткі. Для старэйшых — сінія, для малодшых — карычневыя. А вось цёплага адзення ды абутку для зімы не ставала. У 1946-м выдалі адну пару валёнак-катанак на дваіх. Вучыліся мы ў дзве змены. Вучні першай прыходзілі і аддавалі валёнкі тым, хто вучыўся ў другую змену. Так што абутак амаль заўжды быў мокры. Аднойчы мы вырашылі выправіць становішча. Пратапілі печку, выграблі жар, паклалі валёнкі. А ўночы прачнуліся ад едкага дыму. Кінуліся да печы — позна! Ад валёнак засталіся адны ўспаміны. Гаравалі, пакуль наш кравец Васіль Ільінчык з трох згарэлых пар адрадзіў адну. Выгляд такога абутку быў фантастычны. Але каго гэта хвалявала? Хоць і па чарзе, але можна было выскачыць на вуліцу, каб скаціцца з горкі ці пагуляць у снежкі”.
Усё рабілі самі

З успамінаў Антаніны Шатуха:

“Сіламі супрацоўнікаў і выхавальнікаў пачалі адбудоўваць дзіцячы дом. Лес вывозілі на двух валах (уласнасць дзіцячага дома). За тры гады ўзвялі тры карпусы. Дзяцей было 120 чалавек, з іх 20 — дашкольнікаў. У 1948 годзе дзіцячы дом пашырыўся, прыйшлі новыя супрацоўнікі Марыя Ахрамовіч, Марыя Бачкова, баяніст Іван Завадскі, фельчар Паліна Мурашка…”

З успамінаў С. Гаўрылёнак, былой выхаванкі Нясяцкага дзіцячага дома, Армавір:

“У дзіцячы дом мяне, майго старэйшага брата Віцю і малодшую сястру Машу прывяла наша бабуля па матчынай лініі. Але нас не ўзялі, бо дом быў перапоўнены. Аднак бабуля пакінула нас і сышла. А нас не прымаюць. Паварыха цішком пускала начаваць у сталовай, а раніцай выправаджвала. Што рабіць? Так мы да бабулі ў вёску і вярнуліся. Мне было 7 гадоў, брату — 10, сястры — 4. Бабка вельмі раззлавалася і адправіла нас назад, нягледзячы на тое, што сонца пачало садзіцца. З плачам пацягнуліся. Бабуля зрабіла так не таму, што была кепскай. Проста час быў цяжкі ды галодны. А бабка жыла з сынам, нявесткай і трыма іх дзецьмі. А хата — маленькая, а тут яшчэ нас трое. Ад Дулебні (бабульчына вёска) да Нясяты — 8 кіламетраў, ды ісці трэба ўвесь час лесам. Хутка сцямнела. Маша пачала плакаць. Віця пасадзіў яе на спіну. Страшна было. У дзіцячы дом прыйшлі глыбокай ноччу. Нас прынялі! Павялі ў лазню, далі чыстую бялізну. Накіравалі ў розныя групы, потым павялі ў сталоўку. Суп пілі без лыжак, праз краі нейкіх бляшанак… Ежы не хапала. Дзеці елі траву, з гнілой бульбы пяклі блінцы. Вельмі шкадавала Віцю і старалася яго падкарміць са сваёй пайкі. А яшчэ мы рабілі набегі на чужыя сады і гароды. Нас вельмі каралі за гэта: мы мылі падлогі, прыбіральні, палолі грады. У школу пайшла ў 8 гадоў. А сястру накіравалі ў дашкольны дзіцячы дом у Бабруйску. На доўгі час мы згубілі адна адну. У 1949 годзе майго брата накіравалі вучыцца ў Адэскае рамеснае вучылішча. Перапісваліся. Але грошай на паштовыя маркі не было. Мы іх малявалі чарніламі на пісьмах-трохвугольніках… Па гаспадарцы ўсё рабілі самі: дровы нарыхтоўвалі, пілілі, калолі іх, палілі печку, насілі ваду з калодзежа, які знаходзіўся далёка ад корпуса. Сажалі бульбу, вырошчвалі буракі, моркву, гуркі. Яшчэ і калгасу дапамагалі. Так, гора было шмат, але згадваю тую часіну як нешта светлае ў маім жыцці”.
Як я стаў лётчыкам

З успамінаў Уладзіміра Паддубскага:

“Мы цудоўна разумелі, што нас, сірот вайны, утрымліваюць усім раёнам, і імкнуліся хоць неяк аддзячыць за дабро і пяшчоту. Стварылі калектыў мастацкай самадзейнасці. Аб’ехалі з выступленнямі шмат вёсак. Паўсюль нас ветліва сустракалі, частавалі, чым маглі. Вучыліся ў сельскай сямігодцы. Першым з нас, хто атрымаў сямігадовую адукацыю, стаў Марат Панізовіч. Ён скончыў ваеннае вучылішча і стаў афіцэрам. Я і Ваня Крыскавец скончылі сямігодку ў 1949 годзе і сталі навучэнцамі Бабруйскага аўтатранспартнага тэхнікума. І тут, за дзясяткі кіламетраў ад роднага дзіцячага дома, мы адчувалі ўвагу і дабрыню тых, хто нас вырасціў. Я заўжды лічыў сваёй мамай Антаніну Ісакаўну Шатуха. Па камсамольскай пуцёўцы мяне накіравалі ў Балашоўскае ваеннае вучылішча, дзе здзейснілася мая мара стаць лётчыкам. Куды б потым не закідваў мяне лёс, я заўжды вяртаўся на Клічаўшчыну, у Нясяту.”

Дзіцячы дом працаваў 24 гады: з 1 чэрвеня 1945 па 1 ліпеня 1969 года.
Доўгачаканая сустрэча

З успамінаў Аляксандра Баразны, былога выхаванца Нясяцкага дзіцячага дома, Клічаў:

“18 — 19 жніўня 1990 года ў Нясяце прайшла сустрэча былых выхаванцаў і работнікаў дзіцячага дома. Гэтага чакалі ўсе. Разлічвалі на прыезд каля 20 чалавек, прыехала больш за паўсотні. Ля мясцовага дома культуры толькі і чутно было: “Ці ты гэта?” Прыехала на вялікае наша шчасце і 71-гадовая Антаніна Шатуха. Дом культуры запоўніўся да адказу. Гэтая доўгачаканая падзея застанецца назаўжды ў нашай памяці”.

Хачу дадаць вось што. Большая частка выхаванцаў дзіцячых дамоў вучылася і атрымала пасля спецыяльную і вышэйшую адукацыю. Тыя цяжкасці, што выпалі на долю гэтых падлеткаў, загартавалі іх, выхавалі працалюбства, трываласць, цярплівасць і адказнасць за даручаную справу. Спалучэнне гэтых якасцяў і ёсць той падмурак, на якім будуецца паспяховае жыццё.

Наталля ХРАМЯНКОВА, дырэктар Клічаўскага краязнаўчага музея

474