Лёс прафесара геаграфіі

У лістападзе 1924 года, 95 год таму Мінск сабраў самых актыўных, зацікаўленых і адданых справе краязнаўцаў з усіх куточкаў Беларусі. Пачала работу Першая Ўсебеларуская краязнаўчая канферэнцыя, якая арганізацыйна аформіла Цэнтральнае Бюро краязнаўства (ЦБК) Беларусі.

У 20-я гады каардынацыйным цэнтрам краязнаўчых арганізацый стаў Інстытут беларускай культуры. Тут была створана камісія па рэарганізацыі краязнаўчых суполак, яна і стала асновай ЦБК. Першым старшынёй Цэнтральнага Бюро краязнаўства быў абраны палымяны патрыёт, бліскучы вучоны, грамадскі і палітычны дзеяч, географ і эканаміст Аркадзь Антонавіч Смоліч.

На той час Аркадзь Смоліч, быў вельмі ўплывовай асобай у навуковых і краязнаўчых колах. Загадчык планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР, загадчык кафедры і выкладчык Беларускага дзяржаўнага універсітэта, ініцыятар выдання часопісаў «Плуг» і «Наш Край», адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Таварыства беларускай школы, аўтар шматлікіх навуковых даследванняў.

Цэнтральнае Бюро краязнаўства павінна было аб’яднаць і каардынаваць дзейнасць шматлікіх краязнаўчых арганізацый і асобных краязнаўцаў Беларусі. Неабходнасць стварэння краязнаўчых арганізацый дыктавалася таксама малой вывучанасцю тэрыторый рэспублікі. Вельмі добра гэту задачу сфармуляваў Аркадзь Антонавіч:”… Краязнаўчая праца, аб’яднаючы вучонага-даследчыка і маладзенькага піянера-збіральніка калекцый, ёсць адзіная гарантыя таго, што Беларусь перастае быць краем, невядомым для саміх беларусаў, а ў выніку гэтага зменіцца выгляд усяе нашае гаспадаркі, ды і ўсяе беларускае культуры“.

І праз стагоддзе гэта мара вучонага, выказаная ім у навукова-даследчым выданні “Географія Беларусі”, не страціла сваей актуальнасці.

Навуковы дапаможнік “Географія Беларусі” быў выдадзены ў 1919 годзе ў Вільні. Кніга стваралася ў вельмі цяжкі для краіны, для чалавецтва перыяд. Навокал рушыўся стары свет, старыя парадкі, рушылася жыцце многіх краін, сем’яў, людзей. Аркадзь Смоліч, стомлены вяртаецца дадому, бярэ аркушы паперы, ручку - і нібы перамяшчаецца ў іншы цудоўны свет сваёй кнігі. Тут няма вайны і галечы, чалавечага гора і трагедыі. Ен па начах піша пра родную Беларусь, пра яе прыгажосць, пра яе цудоўных людзей.

“Беларус добры гаспадар, шануе капейку, можа крыху і скупаваты. Гэта не перашкаджае, аднак, яму быць вельмі гасцінным… Падарожнага ў беларускай хаце вельмі ахвотна прыймуць, накормяць, і не толькі ня возьмуць за гэта платы, але яшчэ й падзякуюць, што зайшоў…” Такую трапную і нечаканую характарыстыку, асвечаную аўтарскім гумарам, атрымаў беларус на старонках падручніка. Навуковы дапаможнік вытрымаў пяць перавыданняў, адзначыў свае стагоддзе, але кніга не страціла сваей прывабнасці, навуковай каштоўнасці. Даследчыкі лічаць, што гэтая праца і сёння не ведае аналагаў у айчыннай навуцы.

Пажоўклыя ад часу старонкі кнігі напоўнены глыбокім замілаваннем, болем за будучыню і светлым гумарам. Адначасова “Географія Беларусі” – вельмі сур’езная навукова-даследчая праца, у якой яскрава праявіўся бліскучы талент Аркадзя Смоліча як географа, краязнаўцы, даследчыка, эканаміста. Аркадзь Антонавіч Смоліч нарадзіўся 29 верасня 1891 года ў в. Бацэвічы Бабруйскага павета Мінскай губерні ( цяпер Клічаўскі раен) ў сям’і святара. Смолічы жылі ў Бацэвічах толькі першыя пяць-шэсць гадоў пасля нараджэння Аркадзя, затым яго бацька атрымаў новае службовае прызначэнне, і яны пераехалі ў сяло Саламерычы Семкава-Гарадзецкай воласці пад Заслаўем. Гады вучобы ў Кіеўскім палітэхнічным інстытуце і Нова-Александрыйскім інстытуце сельскай гаспадаркі і лесаводства сталі для Смоліча гадамі станаўлення яго як будучага вучонага і грамадзяніна.

Багатай і актыўнай, насычанай і разнастайнай была дзейнасць гэтага чалавека. Аркадзь Антонавіч Смоліч пражыў усяго 47 гадоў. Але за гэты кароткі адрэзак часу ён зрабіў для беларускай навукі, культуры, этнаграфіі, гісторыі столькі, што хапіла б на некалькі чалавечых лёсаў…

Адзін толькі частковы пералік пасад і дасягненняў Смоліча займае доўгі спіс. Народны сакратар асветы і намеснік старшыні Рады БНР, першы прафесар геаграфіі Беларусі, намеснік старшыні Інстытута Беларускай Культуры, кіраўнік сельскагаспадарчай секцыі і камісіі па раянаванню БССР, бліскучы эканаміст, імя якога было вядома далека за межамі краіны, аўтар работ у галіне ландшафтазнаўства, картаграфіі, эканамічнай геаграфіі, эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі. У 1927 годзе Смоліч адзіным сярод эканамістаў быў абраны сапраўдным членам Інбелкульта (па сутнасці акадэмікам). У 1928 г. быў абраны сапраўдным членам Расійскага геаграфічнага таварыства, а таксама узнагароджаны гэтым грамадствам залатым медалём за дзве свае фундаментальныя манаграфіі.

А яшчэ ён – паэт і пісьменнік, заўзяты тэатрал, адзін са стваральнікаў беларускай тэатральнай трупы, надзейны сябра, выдатны сем’янін і клапатлівы бацька. Сваё каханне да жонкі, Аляксандры Ігнатаўны Каткоўскай, “любай Алесі”, ён пранёс праз усе пакуты, усе выпрабаванні. І гэта каханне, і любоў да роднай Беларусі давала магутныя сілы, рабіла яго больш мужным, мацнейшым за тых, хто ў летнюю чэрвеньскую ноч 1938 года вёў яго на расстрэл.

1930 год стаў апошнім пленным годам таленавітага навукоўцы і патрыёта. 9 траўня яго працы «Размяшчэнне насельніцтва на тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» былі адзначаны Малым залатым медалём Дзяржаўнага рускага геаграфічнага таварыства. Ліст старшыні Геаграфічнага таварыства з паведамленнем пра ўзнагароду прыйшоў ў БДУ 24 чэрвеня, а 27 чэрвеня прафесара Смоліча арыштавалі па справе міфічнай арганізацыі “Саюз вызвалення Беларусі” і выслалі ў Сібір. Многія падручнікі і вучэбныя матэрыялы, у тым ліку «Геаграфія Беларусі» Смоліча, у 1930/31 навучальным годзе былі зняты з усіх вучэбных праграм, а з 1937 г. у адпаведнасці з загадам Галоўлітбела №33 ад 3 чэрвеня 1937 г. падлягалі знішчэнню.

На радзіму Аркадзь Антонавіч больш не вярнуўся. У Ішыме ён займаецца любімай справай – чытае лекцыі для студэнтаў Ішымскага педтэхнікума, збірае матэрыялы для новых навуковых даследванняў. У адным з лістоў да жонкі дзеліцца планамі: “Хацелася б завяршыць артыкул у маскоўскі картаграфічны часопіс, але не ведаю, ці ўдасца сабраць літаратуру…Займаюся пакрысе англійскай мовай, хутка буду нядрэнна чытаць, а гэта ўжо поспех. Трэба толькі які-небудзь добры падручнік даслаць…” Навуковае даследванне «Зона лиственных лесов и пойм Западной Сибири на меридиане Ишима» стала апошняй у жыцці геніяльнага вучонага і засталася ў рукапісе.

У 1935 годзе яго вызвалілі, але 17 чэрвеня 1937 зноў арыштавалі. Аркадзь Смоліч адбываў заключэнне ў адной з Омскіх турмаў. Роўна праз год, 17 чэрвеня 1938 г. пастановай тройкі НКУС па Омскай вобласці ён быў расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 і 1988 гадах.

Аб навуковай і грамадскай дзейнасці Смоліча напісана шмат даследванняў. Біёграфы - краязнаўцы прасачылі падзеі яго жыцця, шмат цікавых матэрыялаў знаходзіцца ў літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску, у Бацэвіцкай школе маецца невялікі мемарыяльны комплекс вучонага, у Клічаўскім краязнаўчым музеі – экспазіцыйны раздзел аб жыцці і дзейнасці славутага земляка. Кожны год у верасні супрацоўнікі музея шэраг мерапрыемстваў прысвячаюць Аркадзю Смолічу і яго славутаму падручніку. Але кропка не пастаўлена. Маштаб асобы вучонага і яго творчасці патрабуюць усе новых і новых адкрыццяў. Супрацоўнікі музея пачалі даследванне малавядомага сібірскага перыяду ў жыцці і дзейнасці Смоліча. Спецыялісты кампаніі imago.by выявілі раней невядомую карту Беларусі 1919 года, якая, магчыма, належыць Аркадзю Смолічу. Таленавіты вучоны, краязнаўца, патрыёт яшчэ чакае сваіх даследчыкаў.

Лідзія Ачыновіч, навуковы супрацоўнік Клічаўскага краязнаўчага музея

281