95 лістапад у жыцці Марыі Дзямідаўны Шалай

У гэтыя лістападаўскія дні на ціхай вуліцы, што цягнецца ўздоўж ракі ў вёсцы Стаялава, нязвыкла шумна ад машын, якія спяшаюцца да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, старэйшай жыхаркі вёскі са знакамітага сялянскага роду Шалаёў – Марыі Дзямідаўны.

З самага ранку ў хаце не змаўкае тэлефон. А як жа інакш, далёка не кожнаму шанцуе сустракаць і святкаваць 95-ы год дня нараджэння. Тэлефануюць з усіх канцоў свету ўнукі, родныя, сябры, былыя вучні. Дочкі Ала і Ірына, зяць Алег прыехалі зараней і клапоцяцца аб матулі. Па-святочнаму апранутая, седзячы на канапе сустракае гасцей Марыя Дзямідаўна і вінавата просіць прабачэння за гэту акалічнасць. Ніхто не мае прэтэнзій, бо ўсе ведаюць, што, на вялікі жаль, хаду і сілу адбіраюць у яе тыя раны, якія атрымала пад час баявых дзеянняў, асколкі ад якіх да гэтай пары застаўляюць пакутваць яе цела.

Інтэлігентная юбілярка па-ранейшаму захоўвае ідэальную памяць, пытлівы розум, рэгулярна глядзіць тэлевізар і ў курсе усіх палітычных і грамадскіх спраў. Яна рада ўсім, жыва цікавіцца справамі гасцей, удзяляе ўвагу кожнаму і знаходзіць для кожнага добрыя словы.

Успомніла ў гэты дзень сваіх бацькоў і расказала, што Дзямід Кузьміч Шалай быў вельмі мудрым чалавекам, а яго навуку, яна неўпрыкмет не толькі дзецям сваім, а і нам перадала: да людзей нельга са злом прыходзіць, лепш змаўчаць, як дрэннае пра чалавека сказаць, нельга помсціць людзям, а пра добрае гавры, не бойся… Звычайныя на першы погляд, але вельмі мудрыя парады.

Марыя Дзямідаўна ў раёне чалавек вядомы. Яна прайшла вогненнымі сцежкамі вайны, была паранена ў баі, яе ратны подзвіг адзначаны шэрагам дзяржаўных узнагарод. Гэта яе адзнакі за смеласць, рашучасць і любоў да Радзімы. Калі яна крыху паварочваецца, то чуецца як звіняць медалі на парадным адзенні.У гэтым ледзь улоўным звоне — чуецца стук сэрцаў яе баявых сяброў, якія навекі засталіся маладымі, а яшчэ перасцярога і наказ будучым пакаленням: «Мір трэба берагчы!»

Успамінаць пра вайну ў гэты дзень не хацелася, але ж, куды ад яе дзенешся. На згадку прыйшоў выпадак, пра малодшую сястру Валянціну, светлы ёй рай. Са слязамі на вачах расказвала, як два месяцы немцы трымалі дзяўчыну-падлетка ў бабруйскай турме і як потым добрыя людзі дапамаглі выбрацца з захопленага ворагамі горада і пешшу дабрацца да хаты. З незагойнаю ранай у сэрцы і сёння ўспамінае тыя жахі і пакуты, праз якія давялося ў юным узросце прайсці і ёй самой.

Не хапае слоў, каб перадаць вам, шаноўныя чытачы, усю палітру эмоцый, якія ў гэтыя дні перажывала Марыя Дзямідаўна. Нават яе прасторная, на дзве палавіны хата, паказалася не такой і вялікай, калі ўваліўся цэлы натоўп жадаючых павіншаваць яе і падзяліць радасць знамянальнай на яе жыццёвым шляхудаты. Прывітальны адрас ад раённага выканаўчага камітэта, Савета дэпутатаў і ад савета ветеранаў зачытала Алена Пятроўна Ярошка, кветкі і найлепшыя пажаданні, падарункі і цёплыя віншаванні, шчырыя пацалункі падарылі ёй Зоя Іванаўна Самец, сакратар раённага савета ветэранаў, Таццяна Вікенцьеўна Белабародая, дырэктар СШ № 2 і старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь”, Васіль Сцяпанавіч Шамаль, колішні вучань, Ганна Міхайлаўна Яшчук, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Наталля Уладзіміраўна Храмянкова і Лідзія Лук’янаўна Ачыновіч, дырэктар і старшы навуковы супрацоўнік раённага музея, Ірына Аркадз’еўна Арцем’ева, загадчык аддзялення пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназіравання раённага цэнтра сацяльнага абслугоўвання насельніцтва, Аляксандр Уладзіміравіч Шакола, начальнік абасобленай групы ваеннага камісарыята Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў, былыя калегі, сяброўкі, аднапартыйцы Ніна Сцяпанаўна Кляўко і Лілія Міхайлаўна Жаўняк. Не паспелі змоўкнуць галасы віншаванняў, як у дзверы пазванілі. З букетам кветак да настаўніцы завітаў Юрый Уладзіміравіч Зямскоў, былы вучань, а літаральна праз некалькі хвілін прыехалі павіншаваць імянінніцу яе пляменнікі Алена, Васілій, Аксана. Да самага вечара не зачыняліся дзверы і не змаўкаў тэлефон.

Пакідаючы хлебасольную хату падумалася, што добразычлівая і шчырая, ветлівая і спагадлівая Марыя Дзямідаўна ШАЛАЙ змагла наперакор ударам лёсу захаваць усю веліч і прыгажосць чалавечай душы, у якой па-ранейшаму цепліцца дабрыня, прага да жыцця і да ведаў, павага да людзей.

Яна дастойна пражыла цяжкае, поўнае страт і драматызму жыццё, якое выпала на долю старэйшага пакалення. На ўвесь раён у жывых засталося толькі 8 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Амаль праз 75 гадоў пасля таго, як адгрымелі апошнія выбухі той далёкай вайны, яна памятае усё да драбніц. У нас яшчэ ёсць унікальная магчымасць пачуць жывую сведкў вайны. Мы шчыра жадаем Марыі Дзямідаўне здароўя моцнага і доўгага веку.

Аліна СУДНІК
http://klichev.gov.by/news/region/5919.html

411