Дом для спачылых


Сакральная геаграфія Клічаўшчыны

У людзей праваслаўнага свету дні для памінання нябожчыкаў называюцца бацькоўскімі суботамі. У гэтых дзён няма пастаяннай даты, бо правядзенне памінальных субот наўпрост звязана са святам Вялікадня. За год дні адзначаюцца некалькі разоў. Дзмітрыеўская субота (восеньскія Дзяды) — апошні памінальны дзень у годзе. Папярэднічае падзеі Дзень памяці вялікамучаніка Дзмітрыя Салунскага. У гэтую суботу прынята наведваць могілкі родзічаў, маліцца аб іх спачыне і плакаць. А пасля — ладзіць памінальную трапезу.

Любы народ мае пэўныя рытуалы пахавання і ўшанавання памяці. Гэты фрагмент спадчыны вывучае сакральная геаграфія — сістэма ведаў пра суадносіны тых ці іншых аб’ектаў на зямной паверхні з катэгорыямі свяшчэннага. Да ліку сакральных аб’ектаў традыцыйна адносяцца месцы пахавання, крэмацыі, помнікі ў гонар падзей, звязаных са смерцю.

Традыцыі пахавання і ўшанавання памяці на Клічаўшчыне — гэткія ж, як і ў большасці жыхароў усходняй Беларусі. І ў той жа час, у кожным населеным пункце існавалі свае, няхай і нязначныя, адрозненні ў сакральнай геаграфіі. Апроч таго, рытуальныя надмагільныя знакі цягам часу мяняліся нават у межах аднаго паселішча. Дастаткова наглядна гэта можна прасачыць на прыкладзе грамадзянскіх могілак вёскі “Б” (аўтар не хоча называць сапраўдную назву, каб захаваць унікальныя могілкі некранутымі). Такога больш нідзе не ўбачыш. Могілкі гэтыя — нібыта летапіс гісторыі пахавальнай традыцыі. Вёска ўзнікла дастаткова позна — у другой палове XIX стагоддзя. Сёння тут жывуць толькі два (!) чалавекі. Тым не менш, большая частка пахаванняў на могілках, якім больш за 150 гадоў — дагледжаныя. Магільныя пагоркі добра захаваліся.

Крыжы і камяні

Надмагільныя камяні маюць розны выгляд: неапрацаваныя, пляскатыя востраканцовыя, авальныя, прамавугольныя, у форме крыжа. Ніякіх надпісаў на іх няма. Верагодна, яны датуюцца канцом XIX стагоддзя. Ля некаторых — сучасныя жалезныя крыжы: сведчанне таго, што пра нябожчыкаў памятаюць іх нашчадкі. Бліжэй да ўскраіны кладоў ёсць камяні з выбітымі крыжамі. Гэта больш познія пахаванні, хутчэй за ўсё пачатку XX стагоддзя. Сустракаюцца і камяні, дзе і крыж выбіты, і надпіс ёсць. Яны датуюцца першай паловай XX стагоддзя. А самы адметны аб’ект тут — пахавальнае збудаванне 1929 года. Над магілай усталяваная дамавіна — ці, як называюць яе ў Клічаўскім раёне, “церамок”.

Дзе душа жыве?

“Дамкі мёртвых”, “хаціны смерці”, “дамавіны” — гэта назвы падобных тыпаў пахаванняў, асабліва размешчаных на былых тэрыторыях дрыгавічоў. Традыцыя ставіць дамавіны была шырока распаўсюджана ў славян да X стагоддзя, пазней выкарыстоўваліся курганныя пахаванні.

Калі нябожчыка крэміравалі, яго попел і косці збіралі ў гаршчочак і ставілі ў “хацінцы на слупе” ці ў “доміку”, які ўзводзіўся на магіле. Лічылася, што ў дамавінах ці побач з імі знаходзіліся душы. Нават калі людзей пачалі хаваць у зямлі (асобныя даследчыкі звязваюць пахаванні ў труне з колішняй традыцыяй захоўваць прах памерлых у драўлянай дамавіне), на кладах усё роўна ставілі слупы з дахамі. Потым на змену прыйшлі хрысціянскія крыжы, на вяршыні ставілі дах. Іх можна ўбачыць на старадаўніх могілках і магілах, якім не адна сотня гадоў. У залежнасці ад мясцовасці такія пабудовы называюцца “Галубец”, “Галбец”, “Бдын”. На грамадзянскіх могілках вёскі “Б” ёсць надмагільны камень з выявай крыжа “Галубец”.

Курган для аховы

Дамавіны на слупах выглядаюць прыкладна так: драўляны зрубны дамок памерамі паўтара на два метры. Двухбаковы дах з маленькім акенцам. Чацвёртай сцяны не было для таго, каб ставіць прынашэнні. Таму для навуковага даследавання мала што захавалася.

Дамавіны згнівалі, разбураліся ад часу ці знішчаліся ад рук тых народаў, што прыйшлі на месца жыхарства карэнных насельнікаў гэтых мясцін. З зыходам нашчадкаў клады заставаліся безабароннымі. Для чужынцаў нябожчыкі былі не “дзядамі”, а “наўямі” (ад старарускага навь —духі смерці, духі памерлых іншапляменнікаў). Лічылася, што яны могуць насылаць хваробы на людзей і свойскую жывёлу, а таксама — стыхійныя бедствы. Таму старыя могілкі і нішчыліся. Так узнікла ідэя пахавання праху пад насыпным курганам (на старарускай мове — могыл). Іншым разам курганным насыпам закрывалі і дамавіну, ахоўваючы яе ад уплыву чужых людзей.

Абліччы Смерці

Язычніцкія пахавальныя традыцыі ў многіх беларускіх мястэчках суіснавалі не толькі з хрысціянскімі абрадамі. Нават у эпоху ваяўнічага атэізму пэўныя вяскоўцы працягвалі хаваць сваіх родзічаў у церамках.

Пацвярджэнне таму — згаданая дамавіна на могілках у вёсцы Клічаўскага раёна, якую ўзвялі сваякі Кузьмы Цмыга. У 1950-х гадах яна была адрамантавана. Яна мае чатыры сцяны. Існуе меркаванне, што гэта адзіны падобны помнік гісторыі пахавання продкаў-язычнікаў на тэрыторыі Беларусі.

Мяркуючы па ўсім, менавіта дамавіна з касцямі пахаваных стала прататыпам вядомага фальклорнага сюжэта “хаткі на курыных ножках”, у якой жыве Баба Яга — Касцяная Нага, адно з увасабленняў смерці.

Наталля ХРАМЯНКОВА,
дырэктар Клічаўскага
краязнаўчага музея
Культура. - № 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г
http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=15656



Культура. - № 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г