Вызваленне роднай зямлі

…27-28 чэрвеня войскі 2-га Беларускага фронта фарсіравалі Днепр, вызвалілі гарады Шклоў, Быхаў, Магілёў і выйшлі ў міжрэчча Дняпра і Друці. Войскі 1-га Беларускага фронта ліквідавалі бабруйскую групіроўку гітлераўцаў і выйшлі на мяжу Клічаўскага раёна.
Раніцай 27 чэрвеня 1944 года часці 348-й стралковай дывізіі, 82-й стралковай дывізіі 65-й арміі, 323-й стралковай дывізіі 11-й арміі 1-га Беларускага фронта блакіравалі шашу Магілёў-Бабруйск і вызвалілі навакольныя вёскі Убалацце, Перасека, Апалінарава. 348-я стралковая дывізія атрымала загад вызваліць Клічаў. Быў створаны перадавы атрад пад камандаваннем А.С. Паўлаўца. У ноч з 27 на 28 чэрвеня Клічаў быў вызвалены.
Баі на тэрыторыі раёна працягваліся. Партызаны сумесна з савецкімі воінамі грамілі немцаў і праганялі іх з роднай зямлі. Перад імі стаяла задача не даваць ворагу ўзрываць масты і пераправы, паліць вёскі.
…«27 чэрвеня 1944 года 9-я брыгада і 538-ы атрад рыхтавалі пераправу праз раку Ольса ля Клічава для наступаючых часцей Чырвонай Арміі. Партызаны 537-га палка разам з савецкімі воінамі вызвалілі вёску Бацэвічы Клічаўскага раёна. Разам з часцямі 37-й гвардэйскай дывізіі вяла баі 1-я Бабруйская брыгада пад камандаваннем В.І. Лівенцава. На адным з участкаў фронта яна замяніла 118-ы гвардэйскі полк, утрымлівала рубеж на дарозе Залоўе-Аколіца…».
278-ы партызанскі атрад вёў бой з адступаючым нямецкім артылерыйскім палком на дарозе Нясята-Вязоўка. У гэтым баі знішчана 59 немцаў, захоплена 8 гармат, аўтаматы і вінтоўкі.
28 чэрвеня ля вёскі Паплавы адбылося злучэнне партызан з воінамі Чырвонай Арміі. У гонар гэтай падзеі непадалёку ад вёскі ўстаноўлены памятны мемарыяльны знак.

Па матэрыялах з фондаў раённага музея
падрыхтавала гал. захавальнік
Т.М. Касцюкевіч

249