126-годдзю са дня нараджэння Аркадзя Смоліча прысвячаецца... Будзем памятаць!


“Беларус добры гаспадар, шануе капейку, можа крыху і скупаваты, але гэта не перашкаджае яму быць вельмі гасцінным”. Такую трапную і нечаканую характарыстыку, асвечаную аўтарскім гумарам, атрымаў беларус у знакамітым падручніку Аркадзя Смоліча “Геаграфія Беларусі”, выдадзеным ў 1919 годзе.

Кожны год, у адзін з апошніх вераснёўскіх дзен на Клічаўшчыне адзначаецца дзень нараджэння вучонага Аркадзя Антонавіча Смоліча. І кожны год гэта бывае па-рознаму. Традыцыйна раенны музей разам з Цэнтрам дзіцячай творчасці праводзяць краязнаўчыя чытанні, у мінулым, калі адзначалася 125 –годдзе з дня нараджэння вучонага, адбылася Рэспубліканская навуковая канферэнцыя з удзелам навукоўцаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта і Магілеўскага дзяржаўнага універсітэта.

Багатай і актыўнай, насычанай і разнастайной была дзейнасць гэтага чалавека. Наш зямляк, ураджэнец вескі Бацэвічы, Аркадзь Смоліч пражыў усяго 47 гадоў. Але за гэты кароткі адрэзак часу ён зрабіў для беларускай навукі, культуры, этнаграфіі, гісторыі столькі, што хапіла б на некалькі чалавечых лесаў…

Першы прафесар геаграфіі Беларусі, народны сакратар асветы і намеснік старшыні Рады БНР, стваральнік і старшыня Беларускага цэнтральнага бюро краязнаўства і рэдактар газеты «Грамада», прафесар Беларускага Дзяржаўнага універсітэта і таленавіты выкладчык— усе гэта ён, Аркадзь Антонавіч Смоліч — дзеяч беларускага нацыянальнага Адраджэння, аўтар бліскучага падручніка « Геаграфія Беларусі ", які і сення, праз 80 з лішнім год, не ведае аналагаў у нашай айчыннай навуцы. А яшчэ – ён паэт і пісьменнік, адзін са стваральнікаў беларускай тэатральнай трупы, надзейны сябра, выдатны сем’янін і клапатлівы бацька. Сваё каханне да жонкі, Аляксандры Ігнатаўны, “любай Алесі”, ён пранёс праз усе пакуты, усе выпрабаванні. І гэта каханне, і любоў да роднай Беларусі давала магутныя сілы, рабіла яго больш мужным, мацнейшым за тых хто ў летнюю чэрвеньскую ноч 1938 года вёў яго як “ ворага народа” на расстрэл.

Аб навуковай і грамадскай дзейнасці Смоліча напісана шмат даследванняў. Біеграфы - краязнаўцы прасачылі падзеі яго жыцця, шмат цікавых матэрыялаў знаходзіцца ў літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску, у Бацэвіцкай школе маецца невялікі мемарыяльны комплекс вучонага, супрацоўнікі раеннага музея расказваюць наведвальнікам пра такую таленавітую асобу. Але ж краязнаўчыя пошукі не маюць межаў, і юныя краязнаўцы дзіцячай секцыі пашуковай групы “Ольса” ВІККРУ адкрылі для сябе і сваіх землякоў зусім нечаканыя для сур’езнага вучонага старонкі дзейнасці.

Аказалася, што Аркадзь Смоліч быў заўзятым тэатралам, этнографам, запісваў цікавыя гісторыі, казкі, паданні. А яго п’еса “Хай будзе згода!” выразіла мары і спадзяванні многіх пакаленняў беларусаў.

Малавядомым старонкам жыцця і дзейнасці свайго знакамітага земляка прысвяцілі юныя краязнаўцы гістарыка-біяграфічную мініяцюру “Дзень нараджэння падручніка”. Гэта п’еса, прысвечаная Аркадзю Смолічу і яго падручніку, на Магілёўскім абласным конкурсе тэатральных калектываў “Многоликий театр 2017” атрымала Дыплом 1 ступені. А зусім нядаўна юныя тэатралы з вялікай раеннай сцэны натхнена расказалі пра Смоліча ў час жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі. А самае вялікае ажыўленне выклікалі ў зале казкі, запісаныя калісьці Аркадзем Смолічам ў адной з беларускіх весачак. Колькі ў іх мудрасці і добрага гумару!. Вось адна з такіх казак.

“ Служыў конь чалавеку аж да старасці. А калі амаль што аслеп, адправіў яго гаспадар з двара, бо не мог пракарміць.

- Даруй, конік. Няма чым цябе карміць. Ты разумны, можа як і пражывеш. А ў знак удзячнасці за добрую службу зраблю табе новыя падковы, каб у дарозе ногі не параніў.

Пайшоў гаспадар да каваля. А у таго, як на ліха, жалеза няма. Толькі кусок сталі, ен і кажа:

-Давай зробім стальныя падковы. Зрабілі стальныя падковы. Павеў гаспадар каня ў поле. Развітаўся з ім, і пайшоў конь праз поле, трапіў у горы. А там сустрэў льва. Разумны конь не кінуўся бегчы, бо гэта азначала б немінучую смерць.

Здзівіўся леў:

-А што ж ты не ўцякаеш? Няўжо не баішся, я ж кароль звяроў»

-Не баюся, бо я за цябе мацнейшы. Хочаш, праверым. Давай ударым па гэтай скале. Хто выб’е агонь, той і мацнейшы. Тады другі будзе яму служыць.

Конь падняў капыты, як выцяў, аж сноп іскраў пасыпаўся. Леў размахнуўся,
даў па скале, аж узвыў ад болю.

-І праўда, ты дужэйшы, прыйдзецца мне прыслужваць табе.

Вось як розум перамагае сілу!”

На жаль бліскучы розум Аркадзя Смоліча не змог перамагчы сілу сталінскага рэжыму. Засталіся незавершанымі навуковыя працы, недачытанымі лекцыі, недапісанымі п’есы, казкі, вершы.

Асірацелі трое дзяцей Аркадзя Антонавіча і яго родныя, а Беларусь асірацела яшчэ на аднаго свайго вернага сына.

І ўсе ж дзяцячая п’еса заканчваецца апатымістычна. Юныя краязнаўцы звяртаюцца да сваіх гледачоў : “Мы ведаем, што чалавек і яго справы жывуць, пакуль мы іх памятаем. Давайце ж будзем памятаць!”

Лідзія Ачыновіч, навуковы супрацоўнік
Клічаўскага краязнаўчага музея, кіраўнік
пашуковай групы “Ольса” Магілеўскага
гісторыка-патрыятычнага клуба ВІККРУ



Аркадзь Смоліч
"Географія Беларусі", 1919 года з фондаў музея. Кличевский краеведческий музей