Творчасць без межаў

Як вядома, УК “Клічаўскі краязнаўчы музей” у ліку 5 арганізацый-заявіцеляў з нашага раёна стаў пераможцам Асноўнага конкурсу мясцовых ініцыятыў, які здзяйсняецца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Міжнародную дапамогу атрымала яго ініцыятыва “Творчасць без межаў”. Донарам з’яўляецца Еўрасаюз. Ён выдзяліў музею 14536 еўра на абсталяванне сацыяльнай выставачнай залы, якая адпавядае сучасным тэхнічным і эстэтычным патрабаванням. Такая выставачная прастора даўно была патрэбна нашаму гораду. Цяпер тут з’явіцца магчымасць публічнай прэзентацыі творчасці людзей, якія адносяцца да сацыяльна-уразлівых групп насельніцтва. Яны змогуць не толькі прадставіць свае работы шырокай публіцы, але і рэалізаваць іх.

Зараз выставачная зала з сучаснымі вітрынамі, падвясным абсталяваннем, падсветкай (трэкінгавая сістэма асвятлення), мультымедыйным суправаджэннем і г.д. ужо абсталёўваецца. Партнёрамі ініцыятывы музея з’яўляюцца раённы цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва, ДУДА “Цэнтр дзіцячай творчасці”, ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў”, раённы Дом рамёстваў.

У ходзе рэалізацыі ініцыятывы да яе далучыліся раённы савет ветэранаў, раённая арганізацыя ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”. Але экспанаваць свае творчыя работы ў будучай сацыяльнай выставачнай зале музея змогуць не толькі члены арганізацый-партнёраў або іх выхаванцы, а і жыхары раёна – самадзейныя мастакі, народныя майстры, увогуле творцы, якія жадаюць папулязаваць сваю творчасць, як кажуць “выйсці на прастор жыцця”, завязаць новыя творчыя знаёмствы, устанавіць кантакты, а яшчэ і прадаць свае работы.

Зараз у раённым музеі праведзены касметычны рамонт памяшкання будучай сацыяльнай выставачнай залы, устаноўлена новая падвясная сістэма для ўмацоўвання работ, абноўлена асвятляльнае абсталяванне. На чарзе – набыццё і ўстаноўка сучасных выставачных вітрын.

Музей ужо фарміруе калекцыі работ для будучых мерапрыемстваў. А іх у рамках рэалізацыі ініцыятывы запланавана нямала. Гэта тры сацыяльныя выстаўкі, у тым ліку выстаўка– адкрыццё сацыяльнай залы, у час якой будуць урачыста прадстаўлены партнёры праекта, удзельнікі – аўтары работ. Плануецца да правядзення і выстаўка-аўкцыён, якая дасць магчымасць рэалізаваць лепшыя выставачныя работы. Думаецца, нямала людзей збяруць майстар-класы, якія пройдуць для наведвальнікаў сацыяльнай выставачнай залы. Магчыма, яны стануць для кагосці стымулам для творчасці.

Першыя экспанаты будучай выстаўкі прадастаўлены музею аддзяленнем дзённага прабыцця для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту РЦСАН. Больш за 30 работ, выкананыя яго выхаванцамі ў розных тэхніках, прыцягваюць сваёй незвычайнасцю, маляўнічасцю, пазітыўнай энергетыкай. Напрыклад, работы Ганны Вішнявецкай, гэта – дэкаратыўныя адкрыткі і адкрыткі-шакаладніцы выкананыя ў тэхніцы скрапбукінг (від рукадзелля, які заключаецца ў вырабе і афармленні фотаальбомаў), а яшчэ вышываныя, яркія пано “Маляўнічая сямейка”, “Ружы”, “Лебедзь”, “Папугай”. З цікавасцю пазіраюць на гледача вышываныя героі Алены Куранавай “Ціграня”, “Сава”, “Рысь”, “Лось”. Яркімі фарбамі расцвілі на пано кветкі Анастасіі Баўжэвіч (“Макі”) і Аляксандра Тарноўскага (“Васількі”).

Музей запрашае да ўдзелу ў рабоце выставак творцаў Клічаўшчыны. Наша зямля спакон веку шчодрая на таленты, і, думаецца, нас чакае нямала адкрыццяў і новых цікавых імён.

Ніна Ізох

456