Шклозавод Ханоні Грынгауза


Прамысловасць Клічава ў пачатку 20-га стагоддзя была прадстаўлена крупарушкай і сукнавальняй памешчыка Гельфонда, кузняй Розенберга, хлебапякарняй Рабіновіча, вадзяным млынам графа Патоцкага.
Клічаўшчына мела значную сыравінную базу для вытворчасці шкла: кварцавы пясок, агняўпорную туга-плаўкую гліну, неабходную для вырабу донніц, у якіх варылі шкло. Гэта і паслужыла асноўнай першапрычынай для ўзнікнення ў Клічаве шклозавода.

Ён быў пабудаваны ў 1880 – 1885 гадах Сліозбергам. Затым завод перайшоў да новага гаспадара – Ханоні Грынгауза (1885–1915 гг.). Тут працавалі шклодувы з Расіі і Польшчы. Яны перадавалі сваё рамяство жыхарам Клічава. У 1901 годзе на заводзе была ўстаноўлена паравая машына ў 30 конскіх сіл, у 1913 – паравы кацёл. Са справаздачы фабрычнага інспектара вядома, што ў 1904 годзе на шклозаводзе працавалі 82 чалавекі, у 1913 годзе – 90.
Па заказах завод выпускаў у асноўным аптэчны і медыцынскі посуд, у тым ліку кварты, флаконы, флакончыкі, баначкі розных памераў, а яшчэ шкло і магазіны (ёмістасці) для газавых (керосиновых) лямпаў, а таксама посуд, стаканы, бутэлькі для віна, аконнае шкло. Гатовую прадукцыю пакавалі і везлі на конях на склады г. Бабруйска. З Бабруйска дастаўлялі ў Клічаў соду і мел, іншыя складнікі для шыхты. Кварцавы ж пясок дабывалі ў кар’еры за ракой Ольса, у раёне Розвані, дастаўлялі на вытворчасць гужавым транспартам, выкарыстоўвалі працу сялян. У кар’еры пясок ачышчалі, прамывалі і прасейвалі.
Пры заводзе дзейнічала гандлёвая лаўка, дзе рабочыя куплялі ў крэдыт неабходныя рэчы. У першую сусветную вайну прадпрыемства вывезлі ў пасёлак Хацькова Маскоўскай губерні.

Пазнаёміцца бліжей са шклянымі вырабамі вы можаце ў нашым музеі штодзённа, акрамя панядзелка з 8 да 17 гадзін. Чакаем вас!



Гандлёвая лаўка Х.Грынгауза