Клічаву – 425 год!


Упершыню наш Клічаў упамінаецца ў 1592 г. у актах Віленскай археаграфічнай камісіі як сяло ў Віцебскім ваяводстве.У дакументах гаворыцца: “В селе Кличево, Васька Никипорович, под ним пул службы, платит пул копы грошей широких”.

Подых даўніны сівой

У 1738 годзе сяло Клічаў (20 гаспадарак) уваходзіць у Любашанскае староства Аршанскага павета, дзяржаўная ўласнасць. У XVII – XVIII стагоддзях яно знаходзілася ў дзяржаўнай уласнасці Вялікага Княства Літоўскага і ўпраўленне ёй вёў дзяржаўны намеснік на ўмовах заклада. Апошнім такім намеснікам у канцы 18 ст. быў літоўскі маршалак Людвіг Тышкевіч (1748-1808). Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) Любашанскае староства ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. Яно захавала статус так званай старасцінскай дзяржаўнай маёмасці, але затым імперыятрыца Кацярына II падарыла яго ў поўную ўласнасць таму самаму графу Людвігу Тышкевічу як апошняму старасце.

Маёнтак Бярэзіна-Любашанскі (Беразіно) перайшоў у спадчыну яго дачцэ Ганне (1776-1867). Калі яна выходзіла замуж за графа Аляксандра Станіслававіча Патоцкага (1778-1845), бацька Людвіг Тышкевіч зрабіў падарунак маладым на вяселле, аформіўшы дакументы на імя дачкі на права валодання Клічавам і навакольнымі землямі. Дарэчы, другім мужам Ганны (пасля скасавання першага шлюбу ў 1821 годзе ) стаў палкоўнік Станіслаў Дунін-Вансовіч. Пасля прадстаўнікі роду Патоцкіх, аж шэсць пакаленняў, валодалі Клічавам, навакольнымі землямі і самай вялікай часткай лясоў.

Аб прадстаўніках роду Патоцкіх і іх справах на Клічаўшчыне на старонках раённай газеты расказвалася падрабязна ў гістарычным аглядзе “ Графы Патоцкія: хто яны?” Л.А.Марчанка. Таму мы коратка спынімся на асобе першай уладальніцы клічаўскіх зямель з роду Патоцкіх.

Графіня Ганна-Марыя-Ева-Апалонія Тышкевіч… З партрэта невядомага мастака 19-га стагоддзя на нас глядзіць вытанчаная прыгажуня ў дарагім уборы. Яна мела добрую адукацыю, валодала некалькімі мовамі. Ганна Патоцкая-Вансовіч (Тышкевіч) была вядома таксама сваімі літаратурнымі талентамі і пакінула пасля сябе цікавыя мемуары «Wspomnienia naocznego swiadka», выдадзеныя ў Варшаве ў 1965 годзе. Дарэчы, графіня Патоцкая большую частку жыцця праводзіла ў Варшаве і Парыжы. Таму справамі гаспадарак у Ігуменскім павеце кіравалі яе сыны. Спачатку – старэйшы Аўгуст Аляксандравіч, а пазней – Маўрыкій Аляксандравіч. Яны часцей пражывалі ў летняй рэзідэнцыі Патоцкіх – у Беразіно, у раскошным палацы на ўзбярэжжы ракі Бярэзіны. У клічаўскія лясы – “пушчу дулебскую”, дзе знаходзіліся паляўнічыя домікі і загоны для дзікіх жывёл, наязджалі з гасцямі на паляванне. Ганна-Марыя ўкладала шмат сродкаў на абнаўленне палаца ў Беразіно, будаў-ніцтва касцёлаў, развіццё прамысловых прадпрыемстваў у Ігуменскім павеце. Патоцкія атрымлівалі вялікія даходы ад сваёй дзейнасці, і шмат дзесяцігоддзяў пасля іх ад’езду ў Польшчу сярод мясцовых жыхароў хадзілі паданні пра схаваны ў скляпеннях бярэзінскага палаца скарб залатых рэчаў.

У 1801 годзе Клічаў увайшоў у склад Далжанскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерніі. Адна частка Клічава належыла сялянскай абшчыне (Клічаўскай) і кіравалася валасным праўленнем Далжанскай воласці. У гэтым сялянскім сяленні было 77 двароў, 528 жыхароў. Другая частка тагачаснага Клічава падпарадкоўвалася мяшчанскай управе, і называлася мястэчкам. Тут жылі мяшчане (пераважна яўрэі), усяго 360 чалавек. Побач з мястэчкам знаходзіўся фальварак графа Патоцкага з той жа назвай – Клічаў, дзе жыло 30 чалавек.

Вясковыя абывацелі займаліся выключна хлебаробствам. Мяшчане – дробным гандлем, рамёствамі, промысламі, падзённай працай, рамізніцтвам, працавалі на фабрыках, заводах.

Пад час вайны 1812 года жыхары Клічава актыўна ўдзельнічалі ў партызанскай барацьбе супраць французскіх войскаў. Асабліва вылучаўся партызанскі атрад пад кіраўніцтвам селяніна Тараса. Мінскі губернатар у справаздачы за 1812-13 гады пісаў: “Нашэсцем варожых войскаў хлеб быў патраўлены і патаптаны. Беднасць сялян… яшчэ больш абвастрылася”. Каб пракарміцца сяляне Клічава сплаўлялі лес, выраблялі клёпку, калёсы, шавецкія (сапожныя) цвікі з дрэва, распрацоўвалі паклады вапняку.

У 1865 годзе ў мястэчку Клічаў было 79 двароў, 427 жыхароў, дзейнічала прыходская Свята-Троіцкая царква, у якой тады настаяцелем быў Іоан Костка. Прыход гэтай царквы на той час уваходзіў у склад маёнтка польскага магната Маўрыкія Аляксандравіча Патоцкага, графа, камергера Імператар-скага двара.

У 1868 годзе Свята-Троіцкі прыход узначаліў Рыгор Стэфанавіч Рункевіч. У 1875 годзе яго намаганнямі ў Клічаве адкрыта першая школа для сялянскіх дзяцей – Клічаўскае народнае вучылішча, у якой у 1891 годзе было 29, а ў 1894 г. – 37 вучняў. Тут шмат гадоў працаваў настаўнікам Іосіф Іванавіч Паграбецкі. У 1913 годзе ў Клічаве было ўжо два настаўнікі – Марыя і Андрэй Барысавы. Пазней у двухкласным народным вучылішчы грамаце вучылі дочкі свя-шчэнніка Рункевіча.

У 1909 г. у Клічаве было 117 двароў, жыло 2250 чалавек, мелася 4 магазіны, вадзяны млын. Цэнтральнай вуліцай была вуліца Залатая (цяперашняя Пралетарская). На ёй і стаяла Свята-Троіцкая царква, размяшчаліся гандлёвыя лаўкі, жылі самыя багатыя людзі. Акрамя царквы ў Клічаве быў касцёл і сінагога. Працаваў хейдэр (школа) для яўрэйскіх хлопчыкаў.

Прамысловасць

Прамысловасць Клічава ў пачатку 20-га стагоддзя была прадстаўлена крупарушкай і сукнавальняй памешчыка Гельфонда, кузняй Розенберга, хлебапякарняй Рабіновіча, вадзяным млынам графа Патоцкага. Графу Патоцкаму ў нашых мясцінах належыла 12000 дзесяцін лесу і паляў-нічая дача. За кожны паход у панскі лес сяляне павінны былі плаціць ад 30 да 50 капеек срэбрам. Сам Маўрыкій Патоцкі жыў у Польшчы, валодаў маёнткам у Беразіно і толькі летам прыязджаў на адпачынак у свае лясы. Як памяць аб ім засталася вёска Патока, якая ўтварылася на месцы паляўнічай дачы графа.

У XIX стагоддзі наша рака Ольса была паўнаводнай і судаходнай. Аб тым сведчаць матэрыялы раённага краязнаўчага музея. Працавала прыстань Ольская, якую, згодна з дакументамі, у 1844 годзе абслугоўвала 288 рабочых, у тым жа годзе па рацэ прайшлі 82 плыты. На лёгкіх рачных суднах перавозілі соль, сала, тытунь, пяньку, лён і іншыя тавары. Агульны кошт перавезеных грузаў склаў 27 154 рублі.
На плытах і дробных суднах людзі везлі на рынак шматлікія грузы і тавары ў скрынях, плеценых з лубу, саломы і лазы.

Па рацэ сплаўлялі лес. Вялікім попытам на рынку карысталіся мясцовая карабельная сасна і бандарная клёпка. З сасны выраблялі мачты для караблёў. Бандарную клёпку куплялі вінаробы Францыі і Германіі для вінных бочак. Рака ва ўсе часы карміла людзей рыбай. Для яе здабычы карысталіся сеткай і хітрым прыстасаваннем – кломляй (баўтухай) «скрыпкай». Гэта традыцыйная рыбалоўная прылада ў выглядзе трохграннай прызмы, абцягнутай сеткай (апрача адной бакавой грані). Рабілі яе на драўляным каркасе (была і з прутоў). Рыбу лавілі ўдваіх уброд: тапілі кломлю ў вадзе, а затым, падцягваючы яе да берага і боўтаючы нагамі, заганялі рыбу ў пастку.

Клічаўшчына мела значную сыравінную базу для вытворчасці шкла: кварцавы пясок, агняўпорную туга-плаўкую гліну, неабходную для вырабу донніц, у якіх варылі шкло. Гэта і паслужыла асноўнай першапрычынай для ўзнікнення ў Клічаве шклозавода. Ён быў пабудаваны ў 1880 – 1885 гадах Сліозбергам. Затым завод перайшоў да новага гаспадара – Ханоні Грынгауза (1885–1915 гг.). Тут працавалі шклодувы з Расіі і Польшчы. Яны перадавалі сваё рамяство жыхарам Клічава. У 1901 годзе на заводзе была ўстаноўлена паравая машына ў 30 конскіх сіл, у 1913 – паравы кацёл. Са справаздачы фабрычнага інспектара вядома, што ў 1904 годзе на шклозаводзе працавалі 82 чалавекі, у 1913 годзе – 90.
Па заказах завод выпускаў у асноўным аптэчны і медыцынскі посуд, у тым ліку кварты, флаконы, флакончыкі, баначкі розных памераў, а яшчэ шкло і магазіны (ёмістасці) для газавых (керосиновых) лямпаў, а таксама посуд, стаканы, бутэлькі для віна, аконнае шкло. Гатовую прадукцыю пакавалі і везлі на конях на склады г. Бабруйска. З Бабруйска дастаўлялі ў Клічаў соду і мел, іншыя складнікі для шыхты. Кварцавы ж пясок дабывалі ў кар’еры за ракой Ольса, у раёне Розвані, дастаўлялі на вытворчасць гужавым транспартам, выкарыстоўвалі працу сялян. У кар’еры пясок ачышчалі, прамывалі і прасейвалі.

Пры заводзе дзейнічала гандлёвая лаўка, дзе рабочыя куплялі ў крэдыт неабходныя рэчы. У першую сусветную вайну прадпрыемства вывезлі ў пасёлак Хацькова Маскоўскай губерні.

Пад сцягам Саветаў

Пасля ўстанаўлення савецкай улады быў створаны атрад Чырвонай гвардыі. З лютага да лістапада 1918 года Клічаўшчына была акупіравана

Першая агітбрыгада Клічаўскага Дома культуры. 1953 г..
германскімі войскамі. У красавіку 1920 года на яе тэрыторыі праходзілі жорсткія баі паміж 16-й арміяй Заходняга фронту і 4-й польскай арміяй. Каля Клічава размя-шчаўся штаб 16-й арміі (камандуючы М. В. Салагуб).
З 17 ліпеня 1924 года Клічаў – раённы цэнтр Бабруйскай акругі. У жніўні 1924 года адбылася 1-я раённая партыйная канферэнцыя, на якой быў абраны Клічаўскі райкам КП(б)Б. У хуткім часе адбыўся раённы з’езд Саветаў, які вы-браў першы склад райвыканкама. У лютым 1924 года створана сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства “Чырвоная Беларусь”. У гэтым жа годзе пачаў дзейнічаць Народны дом. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа 2-й ступені, для якой у 1927 го-дзе пабудавана памяшканне.
У 1930 годзе на базе дробных прадпрыемстваў створаны райпрамкамбінат, у які ўваходзілі клічаўская піларама, цэх ганчарных вырабаў у Бацэвічах, паравы і вадзяны млыны ў Доўгім і іншыя прадпрыемствы. У 1933 годзе ў склад прамкамбіната ўключаны торфазавод “1 Мая”.

У 1930 годзе арганізаваны калгас “Наша праца”. У 1931 годзе адкрыты вячэрняя школа і дзіцячая пляцоўка. У 1932 годзе арганізаваны леспрамгас з цэнтрам у Клічаве.

З 27 верасня 1938 года наш Клічаў – гарадскі пасёлак у Магілёўскай вобласці. У 1940 годзе тут працавалі маслазавод, два хлебазаводы, райпрамкамбінат, шавецкая, кравецкая і кандытарская арцелі, завод безалкагольных напіткаў, меліся тэлефонна-тэлеграфная станцыя, пошта, радыёвузел, Дом культуры, раённая бібліятэка, леспрамгас, лясгас, сталовая, сярэдняя школа, паліклініка.

Ішла вайна народная, свяшчэнная вайна…

У Вялікую Айчынную вайну 5 чэрвеня 1941 года раён акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Патрыёты, пакінутыя для падпольнай работы, ужо 14 чэрвеня 1941 года на адкрытым партыйным сходзе выбралі бюро падпольнага райкама на чале з Я.І. Зайцам і партыйную тройку па кіраўніцтве партызанскім рухам (Я. І. Заяц, П. М. Вікторчык, І. З. Ізох).

У канцы 1941 – пачатку 1942 года партызаны знішчылі ўсе гітлераўскія паліцэйскія гарнізоны ў раёне, а 20 сакавіка 1942 года сіламі 128, 277, 620 і 752-га партызанскіх атрадаў быў вызвалены г.п.Клічаў. Для кіраўніцтва Клічаўскім партызанскім злучэннем быў утвораны Клічаўскі аператыўны цэнтр. Яго фарміраванне пачалося з красавіка 1942 года, калі камандаванню 208-га партызанскага атрада (камандзір У. І. Нічыпаровіч) былі падпарадкаваны 128, 277, 620, 757, 760-ы партызанскія атрады і фактычна ўзнікла Клічаўскае партызанскае злучэнне. На працягу 1942 года да яго былі далучаны і іншыя партызанскія атрады.

27 верасня 1942 года выйшаў першы нумар клічаўскай падпольнай раённай газеты “Голас партызана”.

У лістападзе 1942 года партызан-скія атрады аб’ядналіся ў 6 брыгад, у лютым 1943 года сфарміраваны яшчэ 4 брыгады. У ліпені 1943 года на базе 277, 278, 115, 25-га (Клічаўскага) партызанскіх атрадаў была створана Клічаўская ваенна-аператыўная група. Яе кіраўнікі: сакратары клічаўскага падпольнага райкама партыі Я.І. Заяц і П.М. Вікторчык, камандзір І.З. Ізох, начальнік штаба І.А. Баранаў.

З чэрвеня 1942 года партызаны падтрымлівалі пастаянную радыёсувязь, а з ліпеня 1942 года і авіясувязь з Вялікай Зямлёй. Дзейнічаў партызанскі аэрадром.

У ліпені-жніўні 1942 года пад час правядзення буйных карных аперацый гітлераўцы стварылі ў некалькіх вёсках раёна свае гарнізоны і захапілі Клічаў.

У 1944 годзе акупанты спалілі і зруйнавалі раённы цэнтр, загубілі 504 жыхары.

28 чэрвеня 1944 года Клічаў канчаткова вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 348-й стралковай дывізіяй Чырвонай арміі і 537-м партызанскім палком у ходзе бабруйскай аперацыі.

З 1944 годзе горад знаходзіўся ў Бабруйскай, з 1954 года – Магілёўскай абласцях. У 1962–1965 гадах ён у складзе Кіраўскага раёна.

Адразу пасля вызвалення ў Клічаве была адноўлена тэлеграфная і тэлефонная сувязь. Да пачатку 1945 года былі адноўлены райпрамкамбінат, кравецкая і шавецкая арцелі, бандарна-слясарны цэх і млын пры клічаўскім лясгасе. Аднавіла выхад раённая газета “Сталінская праўда”, пачалі працаваць раённая бальніца, жаночая і дзіцячая кансультацыі. У верасні 1951 года адкрыты Дом культуры. Пасля пачалі дзейнічаць музей народнай славы, сярэдняя школа №2, дзіцячы сад-яслі, гасцініца.

У 1963 годзе адкрыты тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі, на базе якога, а таксама саўгасаў “Зара” і “Красінскі”, створаны Магілёўскі саўгас-тэхнікум.

У 1968 годзе ў склад гарадскога пасёлка ўвайшлі вёскі Яўсташына і Маркаўшчына.

У 2000 годзе Клічаў стаў горадам

Звярніце ўвагу на герб нашага горада, які быў зацверджаны Геральдычнай камісіяй у 2005 годзе. Аўтар герба – беларуская мастачка-геральдыст М. Ялінская.

На срэбным полі іспанскага шчыта – сімвал зялёнай елкі як сведчанне нашага галоўнага прыроднага багацця – лесу. У блакітным полі – срэбная падкова з двума кавалерскімі крыжамі. Срэбра ў геральдыцы сімвалізуе ваду, чысціню і празрыстасць. А ў нашым гербе – гэта рэкі Бярэзіна, Друць, Ольса. Сярэбраная падкова шыпамі ўніз – сімвал рыцара-конніка, абаронцы роднай зямлі. Важным геральдычным сімвалам стаў крыж. Паколькі раней наш горад не меў свайго старажытнага герба, асновай сучаснага стаў герб аднаго з самых буйных землеўладальнікаў Клічаў-шчыны Незабытоўскіх «Любіч». Адзін з крыжоў з’яўляецца ўзнагародай рыцара-конніка, другі крыж – сімвал веры продкаў.

Па матэрыялах друку, раённага музея, інтэрнэт-сайтаў матэрыял падрыхтавала Ніна ІЗОХ. http://www.klichew.by/?p=8568



Клічаву – 425 год!
Каоль Станіслаў Незабытоўскі
Палац Караля Станіслава Незабытоўскага ў маёнтку Ольса, 1918 г
Першая агітбрыгада Клічаўскага Дома культуры. 1953 г..
Герб Клічава