Дыплом І ступені ў Міжнародным конкурсе за навуковую работу

Пачатак сакавіка для супрацоўнікаў раённага музея і педагогаў дзіцячых садкоў № 1 (г. Клічаў) і “Сонейка”(а/г Арэхаўка) прынёс прыемную навіну: калектыўная работа “Этнакультурнае выхаванне дашкольнікаў на аснове рэгіянальных традыцый” атрымала высокую ацэнку журы Міжнароднага конкурса “Мое прызванне – педагог”.
Міжнародны інавацыйны Цэнтр «Perspektiva plus», які знаходзіцца ў чэшскім горадзе Тэпліцэ, штогадова арганізуе конкурсы лепшых педагагічных распрацовак па розных намінацыях. Педагогі з розных краін свету дзеляцца сваімі крэатыўнымі ідэямі, расказваюць аб самых цікавых педагагічных адкрыццях. У конкурсе 2020 года прынялі удзел наватары з Расіі, Манголіі, Казахстана, Чэхіі, Дагестана, Малдовы, Украіны, Беларусі і іншых краін.
Наша сумесная работа атрымала Дыплом 1 ступені і раскрыла сістэму работы па выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту на лепшых традыцыях народнай культуры. У зале этнаграфіі мы прапануем дзеткам інтэрактыўную экскурсію “Хата нашых продкаў”. Тут не толькі можна, але нават неабходна браць некаторыя прадметы ў рукі і спрабаваць працаваць з імі. Як нашы далёкія продкі збівалі масла? Гэта не кожны дарослы ведае. А для дзіцяці праца са старадаўняй маслабойкай – дзівоснае адкрыцце! А што замяняла звыклы прас? Калі дзеці бачаць старадаўнія “качалкі” і спрабуюць імі папрацаваць, разумеюць, як няпроста прыходзілася гаспадыні. А калі прымерыць дзіцячыя лапці? Колькі шчырых уражанняў!
Менавіта ў такім узросце душа асабліва адкрыта дабру, новым ведам і эмоцыям. Вельмі важна не ўпусціць магчымасць паказаць дзецям прыгажосць народнай культуры, пазнаёміць з таямніцамі беларускага касцюма і арнаменту, з гісторыяй прылад працы і прадметаў быту.

Калектыў музея віншуе сваіх калег – Кацярыну Генадзеўну Гарох, загадчыка ДУА “Яслі-сад №1 г. Клічава”
і Вольгу Аляксандраўну Кунцэвіч, загадчыка
ДУА “Арэхаўскі яслі - сад Клічаўскага раёна !

Н.супрацоўнік Л.Ачыновіч

773