Знойдзена карта Беларусі Аркадзя Смоліча 1919 года

Карта цікавая тым, што на ёй паказана этнічная тэрыторыя Беларусі. Надпісы пададзены класічным правапісам у спрадвечна беларускім гучанні: Вільня, Менск, Полацак, Горадня, Берасьця… На захадзе – Нямеччына, на ўсходзе – Маскоўшчына…

Але чаму ў бібліятэках такой карты няма? Чаму яна не згадваецца ў крыніцах (Архівы БНР, прыкладам, збор Віктара Астроўскага ў Лондане)? Хто аўтар, у якіх абставінах выдавалася? І дзе арыгінал?..

Smolich map Belarus

Карта Беларусі 1919 года (копія) з калекцыі Змітра Мурашкі

У свеце антыкаў ёсць паняцце “правенанс”: гісторыя валодання прадметам, яго паходжанне. Калі гаспадар невядомай дагэтуль рэчы кажа, што знайшоў даўно і ў выпадковых людзей, адмысловец адразу западозрыць падробку.

Тое, што карта знайшлася толькі ў копіі, яе рукапісныя шрыфты, акварэльныя разводы і паслядоўная “клясычная ўнармаванасць” – адразу выклікала падазор. Занадта прыгожая, занадта патрыятычная і правільная. І “знайшлася” ў архітэктара, якому нескладана зрабіць такі малюнак.

І мы вырашылі, што гэта новатвор. І сталі шукаць, з чаго карта змалявана, што ўзята за крыніцу.

Мы сталі звяраць яе з іншымі: межы, гарады, рэкі, дарогі шасэйныя і чыгункі. І знайшлі цікавае: на карце ўжо ёсць лінія Жлобін– Оўруч, пабудаваная ў 1915-м, а яшчэ – лінія Полацк– Пскоў, пабудаваная ў 1916–1917 гадах і разбураная ў час Другой сусветнай вайны. Апошняя лінія не была адноўлена, а значыць той, хто ствараў меркаваную “падробку”, прынамсі, вельмі добра валодаў пытаннем.

Нам спатрэбілася некалькі тыдняў, каб пераканацца: усё ж такі карта сапраўдная.

Бо ўрэшце мы знайшлі арыгінал. Нават 2 асобнікі.

Першы – дзякуючы вядомаму бібліяфілу Міхасю Казлоўскаму. У яго калекцыі ёсць асобнік, які паходзіць са збору яго старэйшага сябра Віктара Піліпавіча Казлоўскага, які, у сваю чаргу, атрымаў карту ў спадчыну ад аднавяскоўца Уладзіміра Казлоўскага. Абодва былі беларускімі настаўнікамі, абодва вучыліся ў 1942–1944 гадах на Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах. Абодва былі рэпрэсаваныя і высланыя, але другі – не вярнуўся.

Яшчэ адзін асобнік дапамог знайсці Андрэй Вашкевіч: карта захоўваецца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі.
Абедзве карты надрукаваны аднолькавымі, але адрознымі ад карты Змітра Мурашкі, колерамі. У тэорыі гэта не з'яўляецца праблемай: карта друкавалася літаграфічным спосабам з чатырох камянёў, і друкар мог нанесці іншыя фарбы (хоць такая з’ява не характэрная для тыражу і, мажліва, тлумачэнне палягае ў хібнай колераперадачы пра атрыманні копіі). Але значна большая складанасць у тым, што няма ніякага да тых карт апісання.

Такім чынам, нам давялося заняцца атрыбуцыяй карты.

Паводле інфармацыі з карты, яна была дазволена вайсковай цэнзурай Польшчы 27.09.1919 года і надрукавана ў літаграфічнай майстэрні "N.Mac i syn" у Вільні (вул. Вроня, 3, пасля 1919 года – Дамброўскага, цяпер Якшта). Майстэрня такая ў Вільні сапраўды была, працавала яна з 1872 года (або з 1869), яе трымалі габрэі, якія выдавалі габрэйскія малітоўнікі і выявы. У 1938-м друкарняй валодала Зофія Мац.

Аркадзь Смоліч (1891-1938)

Аркадзь Смоліч (1891-1938)

Але хто быў аўтарам карты, для якіх мэт яна выдавалася – усё яшчэ загадка. Магчыма, разгадка – у характары самой карты: яна не палітычная, межы Беларусі, як трапна заўважыў Зміцер Мурашка, пададзены вельмі далікатна. Затое на карце паказаны вышыні мясцовасці.

Фізічна-адміністрацыйны характар карты навёў на думку, што яна звязаная з імем Аркадзя Смоліча, выкладчыка Віленскай беларускай гімназіі, заснавальніка і першага старшыні Таварыства беларускай школы, заснавальніка кафедры краязнаўства і геаграфічнага кабінета БДУ, першага беларускага прафесара геаграфіі.

У 1919 годзе Аркадзь Смоліч жыў у Вільні, тут у сакавіку ён выдаў знакамітую “Географію Беларусі” – першы і па сёння адзін з лепшых падручнікаў па геаграфіі. Межы беларускіх земляў на карце адпавядаюць межам на схематычных картах кнігі Смоліча і адрозніваюцца як ад межаў карты БНР 1918–1919 года, гэтак і ад межаў карты Яўхіма Карскага 1903 года. Назвы дзяржаў і гарадоў у падручніку і на карце падаюцца практычна аднолькава.

Наўпроставых звестак пра асобныя карты Аркадзя Смоліча ў тагачасных дакументах (з тых, што ўдалося адшукаць) няма. У пачатку 1990-х складальнікі бібліяграфіі твораў навукоўца ўзгадвалі 2 карты, выдадзеныя ў 1919-м у Берліне і Вільні. Магчыма, выдадзеная ў Берліне – гэта карта БНР, аўтарства якой раней прыпісвалася А. Смолічу, а цяпер усталявана за М. Доўнар-Запольскім.

У архіве Аркадзя Смоліча (захоўваецца ў Музеі Максіма Багдановіча) ніводнай вялікай карты няма. У Клімавіцкім краязнаўчым музеі, дзе асобная экспазіцыя прысвечана нараджэнцу гэтых земляў А. Смолічу, – таксама. Да падручнікаў, падобна, вялікая карта не далучалася.

Але “школьная” нітачка ўсё ж такі наблізіла нас да адказу на пытанне. Многія падручнікі і навучальныя матэрыялы, у тым ліку “Географія Беларусі” А. Смоліча, у 1930/31 навучальным годзе былі знятыя з усіх вучэбных праграм, а з 1937 г. у адпаведнасці з загадам Галоўлітбела № 33 ад 3 чэрвеня 1937 г. падлягалі знішчэнню [А. Маркава “Школьная аснова выхавання нацыянальнай самасвядомасці ў БССР”. БГА 2010 Т.17 Сш. 1-2]. Канкрэтна ў гэтым спісе (з пазнакай “Прынятую літаратуру спальваць”) была іншая карта – школьная карта Беларусі 1925 года М. Азбукіна і А. Смоліча, выдадзеная ў Менску [Ігар Кузняцоў “История, которую мы не знали”]. Але такі спіс быў не адзін.

Сам Аркадзь Смоліч быў растраляны 17 чэрвеня 1938.

Мы ўжо пісалі, што карту БНР, падобна, вымалі з кніг, да якіх яна ішла дадаткам, і таму ніводнага асобніка гэтай карты ў Нацыянальнай бібліятэцы няма. Але карта БНР выходзіла за мяжой, таму захавалася ў большай колькасці. У ЦНБ Акадэміі навук яна ёсць у тых выданнях, што былі перададзены ў 1980-я эмігрантамі.

Карце Беларусі Аркадзя Смоліча, выдадзенай у Вільні, пашанцавала, падобна, менш. На сёння выяўлена толькі два асобніка.

На шчасце, цяпер мы можам хоць часткова аднавіць справядлівасць і вярнуць карту ва ўжытак. Магчыма, яе варта нават перавыдаць? Не для таго, каб пераглядаць межы – няма ім месца ў будучыні. Але – каб ведаць сваё.

http://imago.by/artycle/610-smolich.html

933