Клічаў. Што ў імені тваім?

Сёлета Клічаву спаўняецца 425 гадоў. За гэты гістарычны прамежак часу нашы землі ўваходзілі ў склад розных дзяржаў, тут жылі прадстаўнікі розных этнасаў. Сведчаннем таму і мясцовыя геаграфічныя назвы (тапонімы), сярод якіх і ўрбонімы, гідронімы (геаграфічныя назвы паселішчаў і водных аб’ектаў). Яны – сённяшнія яркія храналагічныя сведкі гістарычных падзей, якія адбываліся на нашай зямлі.
Гісторыя Клічаўшчыны хвалюе сёння вельмі шырокае кола людзей, ад насельніцтва, краязнаўцаў, да навукоўцаў. І яно зразумела, гэта ж наша мінулае, карані, а калі не маем іх, то не маем і будучыні.
Апошнім часам у адрас рэдакцыі “Сцяга Саветаў” паступаюць асобныя і калектыўныя допісы аўтараў, якія жадаюць падзяліцца сваім пунктам гледжання на самыя розныя аспекты мінуўшчыны нашай зямлі. Таму рэдакцыя “Сцяга Саветаў” лічыць мэтазгодным пачаць завочны “круглы стол”, за якім ­маюць права абгрунтаваць сваю пазіцыю, падзяліцца сваімі думкамі ўсе зацікаўленыя і дасведчаныя ў гэтым. Запрашаем да дыялогу краязнаўцаў, гісторыкаў, супрацоўнікаў музея, нашых знакамітых землякоў-навукоўцаў. Магчыма, разам мы зможам зрабіць нашу гісторыю больш блізкай і зразумелай, без “белых плям”.
І ЗНОЎ КЛІЧАЎСКІЯ ТАЙНЫ…
“Клічаўскія тайны” – так назвала артыкул у газеце “Культура” (№ 52 ад 24.12.2016г.) журналіст гэтага рэспубліканскага выдання Алена Ляшкевіч.
Матэрыялы вялікага даследавання прысвечаны з’яўленню на кніжным рынку Беларусі рэдкага выдання кнігі “Надбярэзінцы” Фларыяна Чарнышэвіча, малавядомага польскага пісьменніка. Літаратары, гісторыкі, этнографы, якія пазнаёміліся з гэтым бліскучым мастацкім творам – аўтабіяграфічным раманам, напісаным па дзіцячых і юнацкіх успамінах аўтара, сцвярджаюць, што Чарнышэвіч нарадзіўся на Клічаўшчыне, і падзеі канца 19-пачатку 20-га стагоддзяў адбываюцца ў нашых мясцінах.
Супрацоўнікі краязнаўчага музея, якія першымі азнаёміліся з раманам “Надбярэзінцы”, рыхтуюць зараз асобны артыкул для чытачоў раённай газеты. Але знаёмства з раманам аб даўніне здзівіла тым, што Чарнышэвіч, маляўніча расказваючы аб сваім дзяцінстве і юнацтве, “зашыфраваў” некаторыя геаграфічныя назвы так, што цяжка пазнаць іх сучасныя абрысы. Зноў не пашанцавала і нашаму Клічаву. У рамане пад сваімі назвамі ўспамінаюцца Бабруйск, Магілёў, Бялынічы, а Клічаў абазначаны аўтарам як мястэчка “Вонча”.
У свой час чамусьці абмінуў увагай мястэчка Клічаў і ўраджэнец Бацэвіч, першы прафесар геаграфіі Беларусі Аркадзь Антонавіч Смоліч, які дасканала займаўся краязнаўствам Беларусі і прысвяціў гісторыі населеных пунктаў шмат увагі. У сваіх навуковых працах і знакамітым падручніку “Геаграфія Беларусі” ён даследуе мноства геаграфічных назваў. Толькі згадкі пра Клічаў там няма.
Існуе нямала адкрытых даследчыкамі дакументаў аб узнікненні, тапаніміцы многіх населеных пунктаў Клічаўшчыны. Напрыклад, такія звесткі ўтрымліваюцца ў энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі”, том 6. Але, на жаль, у гэтым выданні няма дакладных звестак аб паходжанні назвы самога горада Клічава. Іншыя ж гістарычныя дакументы, якія маглі б праліць святло на тапаніміку многіх населеных пунктаў Клічаўшчыны, яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў у архівах або проста нам невядомыя. Вось і разгараюцца час ад часу дыскусіі аб тым, адкуль пайшоў Клічаў.
Лічам, што першымі маюць права выказацца ў завочным “круглым стале” складальнікі зборніка старажытных дакументаў “Акты Віленскай археаграфічнай камісіі”. За час работы з 1865 па 1915 гг. камісія надрукавала 38 тамоў архіўных дакументаў за 1387—1710 гг. Гэтыя матэрыялы асвятляюць розныя аспекты старажытнай гісторыі 15–18-га стагоддзяў – стан земляробства, жывёлагадоўлі і промыслаў, прававое становішча сялян у вялікакняжацкіх, прыватных і царкоўных уладаннях, сацыяльнае расслаенне, павіннасці і інш.
Менавіта ў гэтых дакументах сустракаецца населены пункт пад назвай “Клічов”. У дакуменце маецца падрабязнае апісанне межаў уладанняў “Вярхоўе”, у склад якога ўваходзілі клічаўскія землі. Тут часта сустракаецца слова “ольс” (ольсъ) у значэнні альшанік, альховы лес. “…граніца… на князій стан, от того стану через лозу у велікій чістый Ольс,…з того ольсу суходолом в дуб, з того дуба на Усотніское верховье…”.
Цікава, што і ў сучаснай мове карыстаюцца словам “ольс”. Напрыклад, “Альховыя лясы (Ольсы) — у Прыбужскім Палессі самыя старыя Ольсы”.
Паколькі значны працэнт лесанасаджэнняў Клічаўскага і Бярэзінскага раёнаў займае альха, то вельмі лагічна лічыць, што наша рачулка Ольса, якая бярэ пачатак у тарфяных балотах каля вёскі Каменны Барок Бярэзінскага раёна мае сваю назву “Ольса” менавіта ад слова “альха”.
У 1976 годзе дырэктарам Клічаўскага краязнаўчага музея працаваў гісторык Сяргей БАГАЙЧУК. Даследаваў старажытныя дакументы ў Нацыянальным гістарычным архіве. Прадставім яму слова:
“А што азначае Клічаў? Адкуль з’явілася гэта слова, хто яго прыдумаў? Адны даследчыкі сцвярджаюць, што паходзіць яно ад слова “клікаць”(зваць). У старажытных тэкстах слова “клікаць” ужывалася нароўні з тэрмінам “вяшчальнік”. Значыць, трэба меркаваць, што ў Клічаве жыў чалавек, які рабіў апавяшчэнні ў народзе. Другія лічаць, што гэтае слова звязана з назвай пасады або прафесіі. Трэція даказваюць, што яно з’явілася ад імя чалавека, які першым пасяліўся ў нашых мясцінах.
Пакуль дакладная дата ўзнікнення Клічава не ўстаноўлена. Аднак назва яго ўпамінаецца ў XV стагоддзі. У 1500 годзе называецца ўласнае імя Кліч, а ў 1592 годзе і сяло Клічово…” (з публікацыі “Гістарычнае мінулае Клічава” “Сцяг Саветаў” № 142 ад 27.11.1976 г.)
В. А. ЖУЧКЕВІЧ, даследчык, аўтар кнігі “Краткий топонимический словарь Белоруссии”, стр 161.: “Под 1500 г. значится и личное имя КЛИЧ (Н.М.Тупиков. “Словарь древнерусских личных собственных имен”. СПб.1903 г.). Словообразующий элемент – ЕВ позволяет связывать топоним с названием должности, профессии или с именем”.
Характэрна, што ў 16-м стагоддзі ў гістарычных дакументах з’яўляюцца прозвішчы і клічкі з коранем “кліч”. Напрыклад, у запісах пасялення Віцебск (1583 г.) сустракаецца згадка пра княжага стольніка Харлампія Клічова. У актах гарадзішча Кіеў за 1563 г. – пра кузняца Іпата Клічова( Klichov) па мянушцы Кліч.
Цікава, якія яшчэ населеныя пункты ёсць з падобнай нашай геаграфічнай назвай? Інтэрнэт падказаў яшчэ два. Вось яны: у Польшчы недалёка ад адміністрацыйнага цэнтра Велікапольскага ваяводства горада Познань размясціўся горад Клечаў.
“Клечев (польск. Kleczew) — город в Польше, входит в Великопольское воеводство, Конинский повят. Имеет статус городско-сельской гмины. Занимает площадь 6,68 км. Население 4151 человек (на 2004 год)” ru.wikipedia.org/wiki/Клечев.
У Чэхіі ў 150 кіламетрах ад Прагі ў Пльзенскім краі знахо-дзяцца населеныя пункты Стары Клічов, Новы Клічов.
Калектыў навуковых супрацоўнікаў
краязнаўчага музея.
588